Чалавек. Грамадзянін. Пісьменнік
- Details
- Published on Tuesday, 29 January 2019 11:39
Творчасць І.П. Шамякіна стала аб’ектам навуковага даследавання для выкладчыкаў і студэнтаў Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. Так, у 1989 годзе была абаронена кандыдацкая дысертацыя Г.М. Дашкевіч "Праблема раманнай творчасці Івана Шамякіна". Штогадова абараняюцца курсавыя, дыпломныя работы, прысвечаныя аналізу лепшых набыткаў майстра беларускай прозы.
Праз кожныя два гады, пачынаючы з 2009, кафедрай літаратуры УА "МДПУ імя І.П. Шамякіна" праводзяцца Міжнародныя Шамякінскія чытанні "Пісьменнік – Асоба – Час", у якой прымаюць удзел вядучыя вучоныя не толькі Рэспублікі Беларусь, але блізкага і далёкага замежжа.
Выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта збіраюцца і сістэматызуюцца матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці мастака слова, распрацоўваюцца планы-канспекты ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў па вывучэнні твораў І.П. Шамякіна. Сістэматычна рыхтуюцца сцэнарыі і праводзяцца літаратурна-мастацкія імпрэзы, конкурсы творчых работ і брэйн-рынгі, тэматычна звязаныя з жыццёвым і творчым лёсам класіка нацыянальнай літаратуры.
Такім чынам, імя Івана Пятровіча Шамякіна, яго мастацкая творчасць, грамадская і педагагічная дзейнасць і сёння з’яўляюцца светапоглядным арыенцірам, узорам для сучаснай моладзі і грамадства.