АДУКАЦЫЯ – ГЭТА ПРЭСТЫЖНА, ДАСТУПНА І МОДНА

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў

АДУКАЦЫЯ – ГЭТА ПРЭСТЫЖНА, ДАСТУПНА І МОДНА

Паспяхова завяршылася замежная стажыроўка магістранта кафедры прыродакарыстання і аховы прыроды біялагічнага факультэта Уласік Анастасіі Міхайлаўны на базе “Расійскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта МСХА імя К.А. Ціміразева” (г. Масква). Праходзіла вучэбная стажыроўка ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы вышэйшай адукацыі на 2011-2015 гг. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Усе выдаткі, звязаныя са стажыроўкай, фінансаваліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У выніку магістрантам сабраны і сістэматызаваны багаты эмпірычны матэрыял па тэме даследавання “Склад і структура драўняна-хмызняковай флоры рэкрэацыйных тэрыторый горада Мазыра” (навуковы кіраўнік – доктар біялагічных навук, прафесар В.В. Валетаў), вывучаны работы вядучых спецыялістаў у гэтай галіне – прафесара кафедры лесаводства В.К. Хлюстава, дацэнта кафедры лесаводства Б.С. Радзівонава. Акрамя гэтага, Уласік Анастасія азнаёмілася з новымі метадамі палявых даследаванняў, дадаткова вывучыла асноўныя напрамкі дзейнасці кафедры лесаводства, генетыкі і біятэхналогіі, кафедры батанікі, наведала заняткі дацэнта кафедры лесаводства Б.С. Радзівонава па дысцыпліне “Экалогія раслінных супольнасцяў”, а таксама атрымала кансультацыі ў кандыдата біялагічных навук, дацэнта, заг. лабараторыі абароны лесу ад інвазіўных і каранцінных арганізмаў Ю.І. Гніненка, доктара біялагічных навук, прафесара кафедры лесаводства, генетыкі і біятэхналогіі Я.А. Калашнікавай.

Станоўчы эфект стажыроўкі дапоўнены прыемнымі эмоцыямі і яркімі сталічнымі ўражаннямі. Для магістранта з “братняй дзяржавы” (цытую начальніка Упраўлення замежных сувязяў В.А. Арэф'еву) былі арганізаваны экскурсіі ў Музей гісторыі “Расійскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта МСХА імя К.А. Ціміразева”, Расійскі музей лесу, УНКЦ “Лясная вопытная дача”, Музей гісторыі лесаводства Лод, фондавую аранжарэю і дэндрарый ГБС імя М.В. Цыцына, Батанічны сад імя С.І. Растоўцава, глебава-мінералагічны музей імя В.Р. Вільямса, Музей землязнаўства МДУ. І ўсё гэта ўдалося зрабіць усяго толькі за месяц стажыроўкі. Тэмп і рытм маскоўскага інтэлектуальнага жыцця проста ўразіў магістранта і натхніў на новыя творчыя здзяйсненні. Цяпер Анастасія актыўна працуе над сур'ёзнай публікацыяй па выніках вучэбнай стажыроўкі.

 Яе заключны тэзіс – «АДУКАЦЫЯ – гэта прэстыжна, даступна і модна».

 

 

Дадатковая інфармацыя