Музей

Музей

Ва ўстанове адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна” функцыянуюць два музеі: музей этнаграфічнай культуры Палескага краю і гісторыі ўніверсітэта, музей тэхнічнай культуры.

muzei1

 

У музеях захоўваюцца прадметы матэрыяльнай культуры, якія прадстаўляюць гістарычную цікавасць, вырабы з металу і дрэва, фотаматэрыялы розных гадоў, асабістыя рэчы выдатных выкладчыкаў і г.д.

У музеі этнаграфічнай культуры Палескага краю і гісторыі ўніверсітэта налічваецца больш за 400 экспанатаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. Матэрыялы размешчаны ў дзвюх залах.

Экспазіцыя першай залы адлюстроўвае гісторыю адукацыі і развіцця нашай навучальнай установы. Універсітэт тут прадстаўлены па асноўных этапах: Мазырскі настаўніцкі інстытут (1944 – 1952 гг.), Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1952 – 2001 гг.), Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (з 2001 г.).

Сярод экспанатаў: копіі дакументаў (загады аб стварэнні і рэарганізацыях ВНУ, тэксты ўступных дыктантаў (1944 г.),
заліковая кніжка першай студэнткі, першы студэнцкі білет і інш.), асабістыя рэчы некаторых выкладчыкаў, кіраўнікоў, падручнікі, дапаможнікі з аўтографамі аўтараў, фатаграфіі студэнтаў-выпускнікоў розных гадоў і г.д.

У другой зале размяшчаецца этнаграфічная экспазіцыя, якая адлюстроўвае побыт палешукоў. У ёй прадстаўлены прадметы, якімі карысталіся нашы продкі, але, нягледзячы на тое, што большасць экспанатаў выйшла з ужытку, яны ўсё яшчэ захоўваюць цяпло чалавечых рук.

У музеі тэхнічнай культуры экспанаты размешчаны ў 36 стэндах, якія адлюстроўваюць паслядоўнасць і ўзровень развіцця тэхнічнай культуры з першабытных часоў да канца ХХ стагоддзя. Даволі шырока прадстаўлена экспазіцыя розных прылад працы – ад косці і неапрацаванага каменя, металічных сплаваў да інструментальных матэрыялаў. Пра пачатак цывілізацыі грамадства расказваюць экспанаты стэнда, прысвечанага эпохам палеаліту і неаліту.muzei2

Цікавасць выклікае паказ змены спосабаў формаўтварэння вырабаў у залежнасці ад характару вытворчасці: ад першых прымітыўных прыёмаў да рамёстваў, а затым – да цэхавых, мануфактурных і фабрычна-заводскіх формаў вытворчасці.

У музеі ёсць і рэдкія экспанаты: наканечнік сахі з крычнага жалеза, сталёвы меч, праколкі з косці, стэла з нержавеючага (дрэвавугальнага) чыгуну, прысвечаная графу Мазырскага павета, бронзавы двухпудовы звон, узнагародны медны чайнік з дароўным подпісам салдату за выдатную службу і інш.

У музеях праводзяцца тэматычныя выставы, экскурсіі для студэнтаў і навучэнцаў школ горада, практычныя заняткі.

 

 Кантакты:

 Корпус 1 (вул. Студэнцкая, 28/1) аўдыторыя 229
 
 
 
 
 

Дадатковая інфармацыя