УА МДПУ: гісторыя і сучаснасць

УА МДПУ: гісторыя і сучаснасць

arrow green  План мероприятий УО МГПУ им. И.П. Шамякина по реализации государственной программы развития высшего образования на 2011-2015 гг.

arrow green  План развития УО МГПУ им. И.П. Шамякина на 2011-2015 гг.


 

Установе адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна” ў 2014 годзе споўнілася 70 гадоў.

Дзейнасць вышэйшай навучальнай установы на Мазыршчыне пачалася ў сакавіку 1944 года на базе Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. Рашэнне аб стварэнні настаўніцкага інстытута ў Мазыры ў ваенныя гады сведчыла аб той значнай ролі, якую падобныя ўстановы закліканы былі адыграць у вырашэнні стратэгічна важных адукацыйна-выхаваўчых задач у рэспубліцы. У склад інстытута ўваходзілі тры аддзяленні: мовы і літаратуры, фізіка-матэматычнае і гісторыка-геаграфічнае, на якія было прынята 210 чалавек. У структуру інстытута ўваходзілі 7 кафедр, на якіх працавала 27 выкладчыкаў.

Першы выпуск спецыялістаў адбыўся ў 1946 годзе. У школы Палесся было накіравана 190 настаўнікаў гісторыі, мовы і літаратуры, фізікі і матэматыкі, прыродазнаўства і геаграфіі.

У 1952 годзе Пастановай Савета Міністраў № 999 ад 22 лiпеня 1952 года Мазырскі настаўніцкі інстытут быў рэарганізаваны ў Мазырскі педагагічны інстытут.

У 1964 г. рашэннем Савета Міністраў БССР Мазырскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту было прысвоена імя Н.К. Крупскай.

За час сваёй дзейнасці гэтая вышэйшая навучальная ўстанова зведала неаднаразовыя рэарганізацыі і перайменаванні. На сённяшні час яна мае заслужаны статус профільнага (педагагічнага) універсітэта і ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 500 ад 04.08.2006 г. года носіць імя вядомага літаратурнага і грамадска-палітычнага дзеяча Івана Пятровіча Шамякіна.

Значнае развіццё атрымалі аддзяленні, факультэты і кафедры. Іх адкрыццё і рэарганізацыя праходзілі з улікам патрэбаў рэгіёна ў педагагічных кадрах. Дынаміка развіцця ўніверсітэта за час яго існавання сведчыць аб істотным павышэнні прафесійнага ўзроўню прафесарска-выкладчыцкага складу, удасканаленні і развіцці інфраструктуры, павышэнні якасці вучэбна-выхаваўчага і навуковага працэсаў.

Універсітэт па праву займае адно з вядучых месцаў у жыццядзейнасці рэгіёна, прымаючы актыўны ўдзел у рэалізацыі праграм інавацыйнага развіцця розных галін эканомікі, Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі, Нацыянальнай праграмы развіцця турызму. Асаблівая роля Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна дапаўняецца яшчэ тым, што ён вырашае важную дзяржаўную задачу па забеспячэнні высокакваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі тэрыторыі Гомельшчыны, якая адраджаецца пасля аварыі на ЧАЭС. Гэтым у значнай ступені вызначаюцца прыярытэтныя напрамкі, на рэалізацыю якіх мэтанакіравана працуе калектыў вышэйшай навучальнай установы.

70-гадовы шлях станаўлення ўніверсітэта быў насычаны разнастайнымі падзеямі і непарыўна звязаны з развіццём Рэспублікі Беларусь. За гэтыя гады было падрыхтавана звыш 40 тысяч спецыялістаў. Выпускнікі УА МДПУ імя І.П. Шамякіна карыстаюцца заслужанай павагай і аўтарытэтам, многія з іх сталі выдатнымі педагогамі, дзяржаўнымі дзеячамі, актыўна садзейнічаюць станаўленню і развіццю сістэмы адукацыі. Падтрымліваючы пераемнасць, захоўваючы і памнажаючы традыцыі, прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэта пастаянна папаўняецца сваімі лепшымі выпускнікамі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у навукова-педагагічнай дзейнасці. Сёння каля 60% выкладчыкаў складаюць выпускнікі гэтай навучальнай установы, сярод якіх доктар тэхнічных навук, прафесар Савенка У.С., доктар філалагічных навук, прафесар Шур В.В., доктар фізіка-матэматычных навук Кулак Г.У. і інш. Кіраўнікамі сямі факультэтаў з дзесяці таксама з’яўляюцца нашы выпускнікі.

Матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта, якая адпавядае сучасным патрабаванням і валодае шырокім наборам тэхнічных сродкаў (11 камп’ютарных класаў, 5 лінгафонных кабінетаў, каля 80 спецыялізаваных кабінетаў, лабараторый і майстэрняў, спартыўных і трэнажорных залаў), таксама дазваляе забяспечваць навучальны працэс на самым высокім узроўні.

За апошнія гады адкрыта 3 факультэты (біялагічны, даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў), цэнтр ідэалагічнай работы, інфармацыйна-вылічальны цэнтр, створаны навукова-даследчы інстытут рэгіянальных праблем рэабіліталогіі і народнай культуры, цэнтр русістыкі. Развіццё ўсіх напрамкаў дзейнасці ўніверсітэта ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Праграмай развіцця на 2011–2015 гады, зацверджанай Саветам універсітэта.

Сёння УА МДПУ імя І.П.Шамякіна – гэта 4 вучэбныя корпусы, у якіх размяшчаюцца 9 факультэтаў, што аб’ядноўваюць 27 кафедр. Колькасць студэнтаў на дзённай і завочнай формах атрымання вышэйшай адукацыі складае каля 6000 чалавек.

Студэнты і магістранты навучаюцца па шырокім спектры спецыяльнасцей, спецыялізацый і накірункаў, запатрабаваных у рэгіёне. Вынікі размеркавання сведчаць як пра значную патрэбу ўстаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна ў маладых спецыялістах, так і пра высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў.

Аспірантура ўніверсітэта рыхтуе спецыялістаў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.

 

Дадатковая інфармацыя