Трэніровачныя зборы абласной каманды па абслугоўваючай працы

Трэніровачныя зборы абласной каманды па абслугоўваючай працы

19-0-6     11–16 сакавіка 2019 года ў г. Мазыры на базе ўстаноў адукацыі праходзілі трэніровачныя зборы абласной каманды па абслугоўваючай працы па падрыхтоўцы да заключнага тура прадметнай алімпіяды, якая будзе праходзіць у канцы сакавіка ў г. Жлобіне. Каманда з шасці чалавек пад кіраўніцтвам трэнера, настаўніка вышэйшай катэгорыі гімназіі г. Светлагорска Лучынай Л.П., і выхавацеля, настаўніка вышэйшай катэгорыі СШ № 2 г. Светлагорска Дубас А.М., размяшчалася на базе ліцэя будаўнікоў г. Мазыра.

У правядзенні трэніровачных збораў прымала ўдзел дацэнт кафедры тэхналагічнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук Ціханава А.У.

У працэсе падрыхтоўкі шмат увагі было нададзена выкананню практычных заняткаў і рэфлексіі дасягненняў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць пры гэтым. Быў праведзены трэнінг па рашэнні творчых задач па розных раздзелах вучэбнай праграмы. Алена Уладзіміраўна правяла групавыя кансультацыі, а таксама аналіз якасці выканання практычных заданняў.

Асаблівую цікавасць у каманды выклікала наведванне тэхнолага-біялагічнага факультэта нашай установы адукацыі. Удзельнікі каманды вывучалі вучэбна-матэрыяльную базу, знаёміліся з абсталяваннем, якое выкарыстоўваецца ў працэсе вучэбных заняткаў па спецыяльных дысцыплінах, глядзелі выставы творчых работ студэнтаў у вучэбных лабараторыях.

Ціханавай А.У. быў праведзены семінар з удзельнікамі каманды па распрацоўцы эскізаў для вышывання ў розных тэхніках, а таксама майстар-клас па вырабе велікодных сувеніраў.

Насычаны дзень ва ўніверсітэце адыграў не толькі пазнаваўчую, але і прафарыентацыйную ролю. Так, навучэнка СШ № 2 г. Светлагорска Жынко Ірына выказала жаданне паступаць на спецыяльнасць “Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва”.

Пажадаем поспехаў абласной камандзе па абслугоўваючай працы ў заключным туры Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Будзем шчыра радыя абітурыентам тэхнолага-біялагічнага факультэта!!!

 

 

Дадатковая інфармацыя