Дзень ведаў у МДПУ!

Дзень ведаў у МДПУ!

Першай вераснёўскай раніцай у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П. Шамякіна адбылося штогадовае ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў і ўніверсітэт адчыніў свае дзверы для новага пакалення студэнтаў. 

Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена нашым спартсменам, якія навучаюцца на факультэце фізічнай культуры, – Каміле Бобр, Станіславу Дайнека, Ільі Федарэнка. 

З прывітальным словам і віншаваннямі да прысутных звярнуўся рэктар універсітэта, доктар біялагічных навук, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Валянцін Васільевіч Валетаў. Валянцін Васільевіч павіншаваў педагагічны калектыў з пачаткам навучальнага года, заклікаў студэнтаў ужо з першай лекцыі з энтузіязмам і настойлівасцю пазнаваць сакрэты прафесійнага майстэрства, актыўна ўдзельнічаць у навуковым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці ўніверсітэта. 

Віншаванні і цёплыя пажаданні прагучалі з вуснаў ганаровых гасцей: старшыні Мазырскага раённага Савета дэпутатаў С.А. Гваздзя, святара Свята-Міхайлаўскага сабора г. Мазыра І. Максімава, начальніка аддзела ДАІ, падпалкоўніка міліцыі В.В. Нікіценка. 

Ва ўрачыстай абстаноўцы Пасведчанне аб узнагароджанні трэцяй прэміяй спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было ўручана Сяргею Міхайлавічу Блоцкаму, дэкану факультэта фізічнай культуры; Пасведчанне аб прызначэнні стыпендыі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было ўручана Ксеніі Піляк, студэнтцы фізіка-інжынернага факультэта. Граматай Мазырскага раённага Савета дэпутатаў узнагароджана Таццяна Уладзіславаўна Паліева, загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. 

Паводле традыцыі, першакурснікам былі ўручаны сімвалы студэнцкага жыцця: Ключ ведаў і Студэнцкі білет. Студэнтка 1 курса філалагічнага факультэта Анастасія Андрэйкавец, якая набрала найбольшую колькасць балаў – 321 – па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, прыняла гэтыя сімвалы студэнцкага жыцця з рук старшыні студэнцкага самакіравання фізіка-інжынернага факультэта Андрэя Яфрэмава. 

Дарагія студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі! Прыміце самыя добрыя і сардэчныя віншаванні з Днём ведаў! Наперадзе – новы 2016–2017 навучальны год, які будзе насычаны вучэбнымі клопатамі, настойлівасцю і працай. І разам з тым – радасцю, яркімі творчымі поспехамі і дасягненнямі! Заўсёды памятайце, што толькі адукацыя адкрывае шырокую дарогу ў будучыню і з’яўляецца надзейнай базай для паспяховага жыцця. 

Дадатковая інфармацыя