Урокі дабрыні ў прытулку для бяздомных жывёл

Урокі дабрыні ў прытулку для бяздомных жывёл

26-05-01

16 мая 2016 года студэнты тэхнолага-біялагічнага факультэта пад кіраўніцтвам асістэнта кафедры працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва Карась С.І. наведалі прытулак для бяздомных жывёл у г. Мазыры ГААЖ “Верныя сябры”. Ініцыятарамі дадзенай акцыі выступілі студэнты 2, 3 і 4 курсаў, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Абслугоўваючая праца. Выяўленчае мастацтва”. Дадзеная паездка была арганізавана ў першую чаргу дзеля таго, каб аказаць пасільную дапамогу прытулку, а таксама сфарміраваць у студэнцкай моладзі пачуццё адказнасці, міласэрнасці і спачування жывёлам.

Для нас была арганізавана і праведзена экскурсія па прытулку. Старшыня ГААЖ “Верныя сябры” Ірына Неўмяржыцкая расказала, як у прытулку з’яўляюцца шматлікія жывёлы, аб тым, што галоўная прычына – абыякавасць людзей, адсутнасць у іх адказнасці за тых, каго яны калісьці прыручылі. Прытулак на сённяшні дзень перапоўнены кінутымі, часта і хворымі жывёламі. Павеў часу і фінансавы крызіс у гэтым  маленькім цесным заасвеце адчуваюць нават больш востра, чым у свеце людзей. Прытулак, дзе на сённяшні час жывуць 100 сабак, існуе без дзяржаўнай падтрымкі, толькі на ахвяраванні. Кожны месяц, каб накарміць і забяспечыць мінімальны догляд усім чацвяраногім жыхарам, неабходна 8 мільёнаў беларускіх рублёў. У капілкі, якія стаяць у магазінах, трапляе менш паловы сумы. Астатняе прывозяць наведвальнікі.

Усіх гасцей тут сустракаюць моцным брэхам. Сабакі, якія нямала вытрывалі ад людзей, нягледзячы ні на што, радуюцца любым зносінам. Белыя і чорныя, вялікія і маленькія, свавольныя і спакойныя, і абсалютна бясплатныя… Пітомцы без усялякай радаслоўнай, але з вялікім сэрцам і гатоўнасцю служыць да апошняга. У кожнай жывёлы свая сумная гісторыя. І самае маленькае, што мы можам зрабіць, – не застацца абыякавымі і дапамагчы хоць бы з ежай.

Студэнты на ўласныя вочы ўбачылі, што нашы меншыя браты адчуваюць патрэбу ў клопаце чалавека і лячэнні. Сабраныя дабрачынныя сродкі (600000 беларускіх рублёў) былі перададзены старшыні грамадскага аб’яднання на набыццё корму для жывёл. Гэта толькі малая часцінка таго, што можа і павінен зрабіць кожны з нас.

Мы ўпэўненыя: тыя кароткія хвіліны, праведзеныя ў прытулку, тыя невыдуманыя гісторыі, якія студэнты тут пачулі, тыя праніклівыя няшчасныя погляды бяздомных жывёл дапамогуць змяніць адносіны моладзі да свету і зрабіць яго больш добрым.

Трэба адзначыць, у выніку гэтай нядоўгай, але вельмі добрай сустрэчы аднаму з пітомцаў, а іменна сабаку Джэссі пашанцавала, ён набыў гаспадароў у асобе сям’і адной са студэнтак нашага факультэта.

Мы спадзяемся, што ў бліжэйшы час у прытулка з’явяцца новыя сябры і памочнікі. Памятайце, ім неабходны Вашыя дапамога і падтрымка!

Мы ўдзячныя ўсім, хто прымаў удзел у акцыі!

26-05-02 26-05-08 26-05-04
26-05-05 26-05-06 26-05-07
26-05-03

Дадатковая інфармацыя