Рэспубліканская навуковая алімпіяда па педагогіцы

Рэспубліканская навуковая алімпіяда па педагогіцы


21 і 22 красавіка 2016 года ва УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” ўпершыню была арганізавана і праведзена Рэспубліканская навуковая алімпіяда па педагогіцы. Дадзенае мерапрыемства, арганізаванае ў рамках Дэкады студэнцкай навукі, з’яўлялася практычным увасабленнем канцэпцыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі і аб’яднала навучэнцаў педагагічных класаў, студэнтаў І і ІІ ступеняў вышэйшай педагагічнай адукацыі і аспірантаў.

У алімпіядзе прымалі ўдзел каманды з чатырох універсітэтаў рэспублікі: БДПУ імя М. Танка, ГДУ імя Ф. Скарыны, ГрДУ імя Янкі Купалы і МДПУ імя І. П. Шамякіна. Наш універсітэт на навуковай алімпіядзе па педагогіцы прадстаўлялі дзве каманды – магістрантаў і аспірантаў. Магістранты – Саланевіч Таццяна, Фёдарава Марына, Хомчанка Дыяна, Ермакавец Сяргей, Антановіч Таццяна – прадставілі дамашняе заданне ў выглядзе даследчага праекта на тэму “Педагогіка разнастайнасці як адзін з накірункаў адукацыі будучыні”. Каманда аспірантаў – Пугач Таццяна, Туравец Наталля, Герасімовіч Алена – выступіла з вынікамі навуковага даследавання па тэме “Фарміраванне музычна-стылёвых уяўленняў сродкамі беларускай рок-музыкі”. Абарона навуковых праектаў праходзіла ў выглядзе подыумнай дыскусіі. Усе каманды-апаненты ўдзельнічалі ў абмеркаванні прадстаўленых вынікаў калектыўнай даследчай работы. Кожны ўдзельнік таксама рыхтаваў індывідуальныя навуковыя паведамленні ў выглядзе пісьмовага пераказу вынікаў свайго даследавання.

Другі тур алімпіяды ўключаў конкурсныя заданні ў выглядзе індывідуальнага пісьмовага тэсту “Навуковая эрудыцыя” і дыстанцыйную дзелавую гульню “Субяседаванне”, падчас якой навучэнцы педагагічных класаў з усіх абласцей Рэспублікі Беларусь і г. Мінска прадставілі папярэдне выкананыя кейс-заданні. У ходзе вебінара каманды-ўдзельніцы ацэньвалі кожнага навучэнца ў адпаведнасці з прапанаванымі крытэрыямі.

Рэспубліканская навуковая алімпіяда па педагогіцы адрознівалася якаснай арганізацыяй, сяброўскай, дзелавой атмасферай, разнастайнасцю прапанаваных заданняў і цікавай культурнай праграмай, падрыхтаванай для ўдзельнікаў алімпіяды.

Кандыдат педагагічных навук, дацэнт,

дацэнт кафедры педагогікі

Т.У. Паліева


 

Кандидат педагогических наук, доцент,

доцент кафедры педагогики

Т.В.Палиева

 

 

Дадатковая інфармацыя