Першыя крокі ў навуку ў рамках “Універсітэцкай суботы”

Першыя крокі ў навуку ў рамках “Універсітэцкай суботы”

18-04-1

16 красавіка ў рамках прафарыентацыйнага праекта “Універсітэцкая субота” навукова-даследчым сектарам, аддзелам інфармацыйных тэхналогій і інавацыйнай дзейнасці, аддзелам міжнародных сувязей праведзена мерапрыемства “Моладзь. Навука. Інавацыі: Беларусь і замежжа”, у якім прынялі актыўны ўдзел навучэнцы 8–11 класаў школ Мазырскага раёна (больш за 120 чалавек) і, бясспрэчна, студэнты УА МДПУ імя І.П. Шамякіна.

Напачатку мерапрыемства школьнікі наведалі Музей этнаграфічнай культуры Палескага краю і гісторыі ўніверсітэта. Супрацоўнік кафедры гісторыі і МВГ Халмякова Р.А. прадэманстравала экспанаты, якія адносяцца да розных этапаў і падзей у гісторыі развіцця ўніверсітэта.

Вітаючы ўдзельнікаў, начальнік навукова-даследчага сектара ўніверсітэта Грачаннікаў Э.Я. расказаў, што навуковая дзейнасць дазваляе студэнтам рэалізаваць сябе як творчую асобу і з максімальнай эфектыўнасцю выкарыстоўваць свой інтэлектуальны патэнцыял.

Вялікую цікавасць у прысутных выклікала выступленне Крыкала М.У., начальніка аддзела інфармацыйных тэхналогій і інавацыйнай дзейнасці, які ў інтэрактыўнай форме азнаёміў вучняў з асновамі бяспечнай работы ў сетцы Інтэрнет.

Далей школьнікі наведалі лабараторыі оптыкі, электрычнасці і магнетызму. Прафесар кафедры агульнай фізікі і МВФ Кулак Г.У. дэманстраваў вопыты, якія адсутнічаюць у школьным лабараторным практыкуме.

З прэзентацыяй аб дзейнасці студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Гістарычная рэканструкцыя” выступіў Брэль А.Г., старшы выкладчык кафедры гісторыі і МВГ.

Спецыяліст аддзела міжнародных сувязей Карлава М.А. правяла з навучэнцамі 8–9 класаў інтэлектуальны турнір “Свая гульня”.

Падчас рэгістрацыі праведзена анкетаванне выпускнікоў агульнаадукацыйных школ Мазырскага раёна.

Вынікі анкетавання паказалі, што “вызначальнымі фактарамі пры выбары ВНУ для будучых абітурыентаў” з’яўляюцца:

–            гарантыя ў атрыманні першага працоўнага месца – 95%;

–            наяўнасць бюджэтных месцаў – 92%;

–            актыўнае студэнцкае жыццё – 86%;

–            наяўнасць цікавых спецыяльнасцей – 83%;

–            магчымасць удзелу ў стыпендыяльных праграмах – 78%;

–            прымальны кошт навучання – 70%.

У адказах на пытанне “Якія навыкі, вопыт і якасці Вы хацелі б атрымаць падчас навучання?” старшакласнікі расставілі прыярытэты наступным чынам:

–            навучыцца аператыўна працаваць з інфармацыяй – 89 %;

–            прайсці стажыроўку ў замежных ВНУ – 75%;

–            атрымаць вопыт работы ў даследчых праектах – 72%;

–            атрымаць дадатковую спецыяльнасць – 69%.

На пытанне “Ці ведаеце Вы, што студэнты МДПУ імя І.П. Шамякіна маюць магчымасць прадоўжыць навучанне?” адказалі наступным чынам:

–            атрымаць дадатковую спецыяльнасць – 83%;

–            вучыцца ў магістратуры, у тым ліку і за мяжой – 55%;

–            вучыцца ў аспірантуры, у тым ліку і за мяжой – 42%. 

Узровень дасведчанасці выпускнікоў агульнаадукацыйных школ Мазырскага раёна пра магчымасці, якія прадастаўляюцца студэнтам УА МДПУ імя І.П. Шамякіна, сведчыць аб важнасці і неабходнасці правядзення “Універсітэцкіх субот”.

У гэты ж дзень наш універсітэт упершыню прыняў удзел у Міжнароднай акцыі па праверцы граматнасці “Татальны дыктант – 2016”, выступіўшы адной з арганізацыйных пляцовак для напісання дыктанту.

 

Дадатковая інфармацыя