Інклюзіўная адукацыя і міжнароднае супрацоўніцтва

Інклюзіўная адукацыя і міжнароднае супрацоўніцтва

У лютым 2016 г. (15.02.16 – 18.02.16) у рамках сумеснага еўрапейскага праекта “Падрыхтоўка педагогаў і адукацыйных менеджэраў да работы з гетэрагеннымі групамі і арганізацыямі” (543873-TEMPUS-1-2013-TEMPUS-JPCR), у якім прымаюць удзел прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Украіны, Германіі, Аўстрыі, Італіі і Фінляндыі, на базе Фондавага ўніверсітэта г. Хільдэсхайм (Федэратыўная Рэспубліка Германія) адбыўся семінар-практыкум па тэме “Праграмы трэніроўкі, Train the Trainer, дыягностыка заахвочвання”.

У рабоце семінара-практыкума прынялі ўдзел выкладчыкі нашага ўніверсітэта, якія з’яўляюцца распрацоўшчыкамі пэўных праектных накірункаў – дац. Журлова І.У. (кафедра педагогікі) і ст. выкл. Карповіч І.А. (кафедра практычнай псіхалогіі і дэфекталогіі).

У рамках семінара меркавалася вывучэнне канцэпцыі і арганізацыі работы Фондавага Універсітэта Хільдэсхайм, азнаямленне з асаблівасцямі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў у асяродку шматстайнасці на базе Універсітэта Хільдэсхайм, разгляд магчымых шляхоў ажыццяўлення  псіхолага-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў з асаблівымі патрэбамі ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі.

Дзейнасць у рамках семінара-практыкума насіла рознабаковы характар: педагогі з Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Украіны, ФРГ дзяліліся вопытам выкарыстання інавацыйных падыходаў да арганізацыі павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, укаранення ў вучэбны працэс універсітэта інтэрактыўных форм навучання студэнтаў на аснове прынцыпу самадзейнасці, ажыццяўлення псіхолага-педагагічнай дыягностыкі і падтрымкі навучэнцаў у рамках інклюзіўнай адукацыі ва ўмовах сярэдняй школы, рэалізацыі карэкцыйных форм і метадаў у працэсе ўзаемадзеяння з сацыяльна і эмацыянальна дэзадаптаванымі падлеткамі і інш.

У працэсе работы былі заслуханы наступныя даклады: “Дыягностыка заахвочвання” (дак. Вольга Грауман), “Прыёмы навучання дарослых” (дак. Карола Ілер), “Прыкметы педагагічнага прафесіяналізму пры рабоце з сацыяльна і эмацыянальна няўпэўненымі падлеткамі ў кантэксце групы” (дак. Ульф Альгермісэн).

Удзельнікі семінара практыкаваліся таксама ў майстэрні па мадэляванні (Train the Trainer) (кіраўнік – дак. Андрэас Ёмэ), метадычнай майстэрні (кіраўнік – Ясмін Піп). Выкладчыкамі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна ў рамках метадычнай майстэрні былі прапанаваны алгарытмы правядзення дыягностыкі і пастаноўкі дыягназу ва ўмовах канкрэтнай сацыяльнай сітуацыі, а таксама алгарытм аказання індывідуальнай псіхолага-педагагічнай падтрымкі ў магчымай сітуацыі.

Матэрыялы, якія абмяркоўваліся, былі цікавымі для спецыялістаў рознага профілю, што прымалі ўдзел у рабоце семінара, паколькі яны мелі і псіхолага-педагагічны, і сацыяльна-педагагічны, і карэкцыйны характар. У рамках семінара таксама была прадугледжана работа ў бібліятэцы Фондавага Універсітэта Хільдэсхайм.

Карысным вынікам удзелу ў семінары-практыкуме аказалася арганізацыя супрацоўніцтва з калегамі з Расійскай Федэрацыі – прадстаўнікамі адміністрацыі і выкладчыкамі Інстытута педагогікі і псіхалогіі ФДБАУ ВА “Кастрамскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.А. Някрасава”, а таксама прадстаўнікамі адміністрацыі карэкцыйнай школы для цяжкіх падлеткаў г. Хільдэсхайм (ФРГ) па пытаннях завочнага ўдзелу ў канферэнцыі “Фарміраванне прафесійнай кампетэнтнаснасці сацыяльных педагогаў і сацыяльных работнікаў: праблемы, тэндэнцыі, перспектывы” 24.03.2016 на базе УА МДПУ імя І.П. Шамякіна.

Вынікі работы семінара, бясспрэчна, дазволяць удасканальваць навукова-метадычную базу падрыхтоўкі сацыяльных работнікаў і педагогаў ва УА МДПУ імя І.П. Шамякіна.

                 

Неабходна адзначыць таксама культурна-пазнавальную частку семінара, праведзеную ў выглядзе экскурсіі па гістарычных мясцінах горада. Хільдэсхайм валодае дзвюма цэрквамі, якія аднесены да аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Гэта царква святога Міхаэля (Michaeliskirche), пабудаваная ў 1010–1030 гадах і выкананая ў раннераманскім стылі, і Кафедральны сабор святой Марыі (Dom St. Maria). Гісторыка-архітэктурнымі помнікамі з’яўляюцца таксама Царква святога Годэарда (St. Godehard) (1133–1172),  Царква святога Андрэаса  (St.-Andreas-Kirche) (1389), Царква святога Крыжа  (Heilig Kreuz) (пасля 1054 года), Царква святога Ламберці  (St. Lamberti) (1474) і многія іншыя культурныя і гістарычныя помнікі, якія знаходзяцца ў старой частцы горада і з’яўляюцца сімваламі Хільдэсхайма. 

 

Дадатковая інфармацыя