Дзень беларускага пісьменства адбудзецца 1 верасня 2013 у Быхаве
- Падрабязнасці
- Апублікавана 06.08.2013 19:02
XX рэспубліканскі фестываль друкаванага слова і культуры ў 2013 годзе прыме старажытны горад Быхаў у Магілёўскай вобласці.
Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах краіны. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы прайшлі ў старажытным горадзе Полацку. У розныя гады фестываль прымалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір і іншыя. Канцэпцыя свята – адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі, а таксама - адзінства друкаванага слова і культуры народа.
Горад Быхаў у якасці сталіцы «Дня беларускага пісьменства» быў прапанаваны не выпадкова. Менавіта з Быхаўскай зямлёй звязана гісторыя стварэння аднаго з самых значных помнікаў беларускага летапісання пачатку XVII стагоддзя - Баркулабаўскага летапісу.
Даведка: Баркулабаўскі летапіс храналагічна ахоплівае перыяд з 1545 па 1608 гады. У ім змешчаны ўнікальныя звесткі пра гісторыю Усходняй Беларусі, інфармацыя аб гістарычных падзеях беларускай культуры і праваслаўнай царквы, аб гістарычных асобах. Найбольшую каштоўнасць у Баркулабаўскім летапісе маюць звесткі пра паўсядзённае жыццё простых людзей Беларусі.
Тут, на Быхаўшчыне, доўгі час жылі і тварылі Мілецій Сматрыцкі і Лаўрэнцій Зізаній - вядомыя навукоўцы, царкоўныя і грамадскія дзеячы XVII стагоддзя.
Даведка: "Граматыка" Сматрыцкага і "Азбука" Зізанія мелі вялікае значэнне для развіцця славянскіх моў, а іх з'яўленне стала знакавай падзеяй у духоўным і культурным жыцці Беларусі таго часу.
З Быхаўскай зямлёй звязана жыццё і творчасць многіх вядомых пісьменнікаў, паэтаў і літаратуразнаўцаў.
На тэрыторыі горада Быхава і Быхаўскага раёна размешчаны шэраг гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сярод іх - Быхаўскі замак, які з'яўляецца помнікам архітэктуры XVII стагоддзя, Сінагога, Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль, Свята-Узнясенскі жаночы манастыр у аграгарадку Баркалабава. З апошнім з названых гістарычных аб'ектаў звязана гісторыя адной з самых паважаных беларускіх праваслаўных святынь – цудатворнага абраза Божай Маці Баркалабаўскай.
У межах свята можна будзе пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на дзень беларускага пісьменства прыходзіцца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычныя канферэнцыі і шэраг іншых мерапрыемстваў.
Значнай падзеяй свята ў горадзе Быхаве павінна стаць стварэнне і ўстаноўка манументальна-скульптурнай кампазіцыі. У аснову дадзенай кампазіцыі прапануецца пакласці знакавыя элементы з гісторыі, духоўнага і культурнага жыцця Быхаўскага краю:
- Баркулабаўскі летапіс - унікальны мастацкі твор, выдатны помнік беларускага пісьменства XVII стагоддзя;
- Мілецій Сматрыцкі і яго «Граматыка», якая ў свой час на працягу 150 гадоў з'яўлялася лепшым дапаможнікам для вывучэння славянскай мовы, а Міхаіл Ламаносаў назваў яе «брамай сваёй вучонасці»;
- Лаўрэнцій Зізаній і яго «Азбука», якая шырока выкарыстоўвалася ў брацкіх школах Беларусі, Украіны і Літвы.