Біяграфія
- Падрабязнасці
- Апублікавана 15.01.2016 07:12
Нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў сяле Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі, у беднай сялянскай сям’і. Бацька – Шамякін Пётр Мінавіч. Маці – Санклеція Сцяпанаўна. Жонка – Марыя Філатаўна. Дочкі – Ліна Іванаўна (1941 г. нарадж.), Таццяна Іванаўна (1948 г. нарадж.) і Алеся Іванаўна (1960 г. нарадж.).
Дзяцінства Івана Шамякіна прайшло ў родным сяле, у тым запаветным кутку, дзе пеўні спявалі адразу на тры рэспублікі: Беларусь, Расію і Украіну. Магчыма, менавіта прыгажосць роднай зямлі дапамагла развіць літаратурны талент будучага вялікага пісьменніка. Падчас вучобы ў тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў Іван Шамякін пісаў вершы і быў членам літаб’яднання пры гарадской газеце “Гомельская праўда”. У 1940 годзе, скончыўшы тэхнікум, ён ажаніўся і стаў працаваць у райпрамкамбінаце горада Беластока. Але хутка быў прызваны ў армію. Служыў камандзірам гарматы ў 33-м асобным зенітна-артылерыйскім дывізіёне ў раёне Мурманска, дзе яго і напаткала вайна.
Мурманск бамбілі жорстка, зенітчыкам пры масавых налётах даводзілася збіваць па 3–4 варожыя самалёты. Хутка Шамякіна прызначылі камсоргам дывізіёна. Ён быў прапагандыстам і цікавым апавядальнікам, пагэтаму байцы слухалі яго з задавальненнем. Для начальства ён складаў розныя рапарты, выпускаў сценгазету, баявыя лісткі. Тады ж пачаў публікавацца ў армейскіх газетах. Напісаў і надрукаваў першае апавяданне. Вайсковую часць, у якую ўваходзіў 33-і асобны зенітны дывізіён, у пачатку 1945 года перакінулі ў Польшчу (у Познань), а затым у Германію. Там, на Одэры, Іван Шамякін і сустрэў Вялікую Перамогу.
Калі закончыліся баі, ён, яшчэ знаходзячыся ў арміі, апублікаваў аповесць “Помста”, у якой уславіў гуманізм савецкага салдата-пераможцы. З’явіўся вольны час, і ён напісаў апавяданне “У снежнай пустыні”, прысвечанае баям з фашыстамі на Поўначы, дзе ваяваў у першыя месяцы вайны.
У 1944 годзе напісаў апавяданне на беларускай мове «У снежнай пустыні» (апублікавана ў 1946 годзе). З гэтага часу і пачынаецца сур’ёзная праца пісьменніка ў літаратуры. Першым сур’ёзным творам І.П. Шамякіна была аповесць “Помста”, апублікаваная ў 1945 годзе ў беларускім часопісе “Полымя”.
Пасля дэмабілізацыі ў кастрычніку 1945 года працаваў да 1947 года выкладчыкам мовы і літаратуры няпоўнай сярэдняй школы в. Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута.
У снежні 1945 года І. Шамякін удзельнічаў у рабоце пасляваеннага пленума ўпраўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
Днём працуючы ў школе, па вечарах хадзіў на сходы ў калгас і праводзіў семінары агітатараў. Збіраў матэрыял для рамана аб беларускіх партызанах “Глыбокая плынь”. Раман выйшаў у 1949 годзе, у 2005 быў экранізаваны.
У 1948–1950-х гадах вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе.
Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха “Савецкая Айчына”. З 1954 года шмат гадоў працаваў намеснікам Старшыні праўлення СП Беларускай ССР. У 1957 годзе з’яўляецца раман аб жыцці вясковай інтэлігенцыі “Крыніцы”, экранізаваны рэжысёрам Іосіфам Шульманам на кінастудыі “Беларусьфільм” (1964).
З’яўляецца цыкл з 5 аповесцей, аб’яднаных агульнай назвай “Трывожнае шчасце”. Папулярнымі становяцца раманы «Сэрца на далоні») (1963, 1968), “Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), прысвечаныя праблемам сучаснага жыцця. У 1981 годзе быў напісаны раман “Петраград – Брэст”, у 1986 годзе – аўтабіяграфічная кніга “Карані і галіны”.
У 1963 годзе І.П. Шамякін уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Дэпутат (1963–1985), старшыня ВС БССР (1971–1985). Дэпутат ВС СССР (1980–1989).
Галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” (1980).
І.П. Шамякін памёр 14 кастрычніка 2004 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Відэаархіў
Бібліяграфія
Раманы:
- «Глыбокая плынь» (рус. "Глубокое течение" (1949, інсцэніраваны ў 1956)
- «У добры час» (1953)
- «Крыніцы» (1957, інсцэніраваны ў 1964)
- «Сэрца на далоні» (рус. "Сердце на ладони") (1964, інсцэніраваны ў 1965)
- «Снежныя зімы» (1970)
- «Атланты і карыятыды» (рус. "Атланты и кариатиды") (1974, аднайменны кінафільм Беларускага тэлебачання, 1980)
- «Вазьму твой боль» (рус. "Возьму твою боль") (1979, экранізаваны ў 1981)
- «Петраград-Брэст» (рус. "Петроград-Брест") (1983)
- «Зеніт» (1987)
- «Злая зорка» (рус. "Злая звезда") (1993)
- Цыкл з пяці аповесцей («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі і сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) аб'яднаны ў пенталогію «Трывожнае шчасце» (рус."Тревожное счастье").
Зборнікі апавяданняў і аповесцей:
- «Помста» (1945)
- «На знаёмых шляхах» (1949)
- «Дзве сілы» (1951)
- «Апавяданні» (1952)
- «Першае спатканне» (1956)
- «Матчыны рукі» (1961)
- «Вячэрні сеанс» (1968)
- «Лёс майго земляка» (1970)
- «Бацька і дзеці» (1971)
- «Сцягі над штыкамі» (рус. "Знамена над штыками") (1976)
- «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (рус. "Торговка и поэт" и "Брачная ночь" (1976, экранізаваны адпаведна ў 1978 і 1980)
- «У роднай сям'і» (1986)
- «Драма» (1990)
- «Аповесці Івана Андрэевіча» (1993)
- Дзённік «Дзе сцежкі тыя...» (1993)
- «Падзенне» (1994)
- «Сатанінскі тур» (1995)
П’есы:
- «Не верце цішыні» (1958)
- «Выгнанне блудніцы» (1961)
Публіцыстыка:
- «Размова з чытачом» (1973)
- «Карэнні і галіны» (рус. "Корни и ветки") (1986).
- «Роздум на апошнім перагоне: Дзённік 1980—1995 гадоў» (1998).
Тытулы, узнагароды і прэміі
- Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1980).
- Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).
Узнагароды
- Герой Сацыялістычнай Працы (1991)
- Ордэн Леніна
- Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
- 3 ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені
- Ордэн «Знак Пашаны»
- Ордэн Айчыны (Беларусь) III ступені
- Медаль Францыска Скарыны
- Народны пісьменнік Беларускай ССР (1972).
- Сталінская прэмія трэцяй ступені (1951) – за раман «Глыбокая плынь» (1949)
- Дзяржаўная прэмія БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982); за кінафільм «Вазьму твой боль».
- Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР імя Якуба Коласа (1968) – за раман «Сэрца на далоні» (1963)
Памяць
- У гонар І. Шамякіна названы Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.
- У Мінску на фасадзе дома №11 па вуліцы Янкі Купалы, у якім пісьменнік пражыў з 1969 па 2004 гады, устаноўлена мемарыяльная дошка.
- Імем І.П. Шамякіна названа адна з вуліц у мікрараёне “Сухарава-4” горада Мінска.
- У 2006 годзе ў вёсцы Карма Добрушскага раёна ўстаноўлены бюст І. Шамякіна (скульптар Дзмітрый Папоў).
Экранізацыі
- "Крыніцы" - Мінск Кінастудыя "Беларусьфільм" 1964 г. рэж. Іосіф Шульман (па рамане "Крыніцы")
- "Трывожнае шчасце" тэлеспектакль у 4-х частках - Беларускае тэлебачанне 1968 г. рэж. Аляксандр Гутковіч (па зборы аповесцей "Трывожнае шчасце")
- "Хлеб пахне порахам" - Мінск Кінастудыя "Беларусьфільм" 1974 г. рэж. Вячаслаў Нікіфараў (па кінааповесці "Эшалон прайшоў")
- "Шлюбная ноч" - Мінск Кінастудыя "Беларусьфільм" 1975 г. рэж. Аляксандр Карпаў (па аповесці "Шлюбная ноч").
- "Гандлярка і паэт" - Масква Кінастудыя «Масфільм» 1976 г. Рэж. аў (па аповесці "Гандлярка і паэт")
- "Вазьму твой боль» - Мінск Кінастудыя "Беларусьфільм" 1978 г. рэж. Міхаіл Пташук (па рамане "Вазьму твой боль")
- "Атланты і карыятыды" тэлефільм у 4-х серыях - Беларускае тэлебачанне 1980 г. рэжысёр Уладзімір Перагуд (па рамане "Атланты і карыятыды")
- "Глыбокая плынь" - Мінск Нацыянальная кiнастудыя «Беларусьфiльм» 2005 г. рэж. Маргарыта Касымава (па раманах «Снежныя зiмы» i «Глыбокая плынь»)