|
Актуальнасць тэмы!:
Факультатыў "Радзімазнаўства: Мазыршчына" – інтэграваная вучэбная дысцыпліна па выбары. Засваенне курса будзе значна пашыраць магчымасці адукацыі і выхавання школьнікаў, спрыяць фарміраванню асобы з шырокім кругаглядам. Пры яго вывучэнні адкрываюцца перспектывы сінтэзаваць і паглыбляць пазнавальныя і эўрыстычныя веды па асноўных дысцыплінах школьнага цыкла – гісторыі Беларусі, роднай мове, геаграфіі, прыродазнаўству, літаратуры, знаёміць вучняў з багатай і самабытнай спадчынай нашага народа, зразумець яго ролю ў гісторыі славянства, еўрапейскай і сусветнай супольнасці. Веданне сваіх духоўных каранёў, спазнанне шматвекавога вопыту продкаў, адметных асаблівасцей рэгіёна, радаводу, мясцовых рыс будзе спрыяць фарміраванню ў школьнікаў як грамадзянска-патрыятычных якасцей, так і пошукавых здольнасцей. Вывучаючы гэты факультатыў, школьнікі абагульняць і пашыраць веды пра Бацькаўшчыну, набытыя на папярэдніх уроках гісторыі, роднай мовы, геаграфіі, выяўленчага мастацтва і іншых дысцыплін, прадугледжаных вучэбным планам.
Мэта курса: Мэта факультатыўных заняткаў – фарміраванне ў школьнікаў ведаў аб родным краі, аб Мазыршчыне ў агульнабеларускім і сусветным кантэксце; выхаванне патрыятызму, нацыянальнай свядомасці, любові да Бацькаўшчыны.
Задачы:
- абудзіць цікавасць да роднага краю і паглыбіць веды аб унікальным кутку Беларускага Палесся;
- далучыць маладое пакаленне да вывучэння набыткаў багатай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны нашага народа, акцэнтуючы ўвагу на фактах, якія закліканы спрыяць фарміраванню свядомасці школьнікаў, іх грамадзянскага станаўлення, да адчування ўнутраннай патрэбы вучыцца і працаваць на карысць нашай Радзімы;
- паглыбіць і ўдасканаліць веды пра Бацькаўшчыну, выкарыстоўваючы мясцовы матэрыял, спалучаючы яго з набытымі ведамі на ўроках гісторыі, роднай мовы, літаратуры, геаграфіі, абагульняючы і ўводзячы ў змест навучання элементы краязнаўства, этнаграфіі быту, сучаснай гістарычнай і грамадскай думкі;
- выхаваць у школьнікаў беражлівыя і паважлівыя адносіны да ўсяго лепшага, створанага землякамі, іх мовы, фальклору, мясцовых прыродных багаццяў, вынікаў штодзённай працы;
- абудзіць у вучняў жаданне авалодваць неабходнымі для жыцця ведамі;
- павысіць сваю эстэтычную і экалагічную культуру;
- навучыць вучняў збіраць і сістэматызаваць мясцовыя факты пра важнейшыя падзеі на Мазыршчыне, пра асоб, якія праславілі сябе ў ратных і працоўных справах, учынках, пра легенды, паданні, назвы-тапонімы, іх разнавіднасці – айконімы, гідронімы, урбонімы;
- паспрыяць фарміраванню маральна-эстэтычных поглядаў вучняў, лагічнага мыслення, эрудыцыі, узбагачэнню слоўнікавага запасу і агульнай моўнай культуры.
Чакаемыя вынікі:
У выніку засваення праграмы факультатыўных заняткаў "Радзімазнаўства: Мазыршчына" вучні павінны:
ведаць
- асноўныя прыродныя, гісторыка-культурныя, літаратурныя факты, падзеі, аб’екты краю;
- асаблівасці гаспадарчай, творчай, спартыўнай і іншай дзейнасці сваіх землякоў;
- асноўныя прафесіі, запатрабаваныя ў Мазырскім рэгіёне;
- знакамітых асоб;
- гісторыю сваёй школы, сям’і;
валодаць навыкамі і ўменнямі
- працы з літаратурнымі і архіўнымі крыніцамі;
- складання тэкставага апісання геаграфічнага становішча сваёй мясцовасці, вызначэння асноўных формаў мясцовага рэльефу;
- складання фотагербарыяў;
- пошукавай дзейнасці;
- апрацоўкі пісьмаў, фатаграфій, успамінаў;
- складання радавода, летапісу школы, установы прадпрыемства, арганізацыі;
- запісу і апрацоўкі гутарак з ветэранамі, прадстаўнікамі працоўных дынастый, мясцовымі жыхарамі;
- працы асобна, у парах, у групах.
|