Універсітэцкая субота “Таямніцы беларускай гісторыі”

Універсітэцкая субота “Таямніцы беларускай гісторыі”

23-9     20 красавіка 2019 г. на філалагічным факультэце адбылося прафарыентацыйнае мерапрыемства “Таямніцы беларускай гісторыі”, арганізаванае кафедрай гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін. У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы 9–11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі г. Мазыра і г. Калінкавічы: ДУА “Сярэдняя школа № 12 г. Мазыра”, ДУА “Сярэдняя школа № 7 г. Мазыра”, ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Мазыра”, ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Мазыра”, ДУА “Сярэдняя школа № 15 г. Мазыра”, ДУА “Гімназія г. Калінкавічы”.Для навучэнцаў выкладчыкамі і студэнтамі спецыяльнасці “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны” была падрыхтавана і праведзена квэст-гульня “Па сцяжынках гісторыі”, якая прадугледжвала праходжанне камандамі ўдзельнікаў 8 маршрутаў-станцый: “Гістарычная экскурсія”, “Гістарычны алфавіт”, “Блеф-гульня”, “Адгадай!”, “Пантаміма”, “Лагічныя задачы”, “Картаграфічнае даміно”, “Каляндар продкаў”. Праходжанне гістарычных станцый-маршрутаў дазволіла ўдзельнікам квэст-гульні праверыць свае веды не толькі па гісторыі Беларусі, усеагульнай гісторыі, але і геаграфіі, сусветнай і айчыннай мастацкай культуры, праявіць творчыя здольнасці ствараць вобразы гістарычных асоб і прадметаў матэрыяльнай культуры.

Наступным этапам прафарыентацыйнага мерапрыемства “Таямніцы беларускай гісторыі” стала правядзенне студэнтамі 2 курса 3 групы віктарыны “Славутыя дзеячы Беларусі” (аўтар – Прыбыш Мікалай), якая дазволіла навучэнцам паказаць свае веды і інфармаванасць аб гістарычных дзеячах, пачынаючы з перыяду ВКЛ і заканчваючы навейшай гісторыяй Беларусі. Затым адбылася прэзентацыя навукова-даследчых праектаў студэнтаў спецыяльнасці “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”. Перад навучэнцамі выступілі лепшыя студэнты-даследчыкі філалагічнага факультэта: Прыбыш Мікалай з дакладам “Сталінскія палітычныя рэпрэсіі”, Кудлач Юлія – “Жанчыны ў гісторыі Беларусі”, Цупа Арсень – “Кубанскае казацтва”, Арцямчук Ксенія – “Сацыякультурнае ўзаемадзеянне беларускіх і ўкраінскіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай”. Даклады студэнтаў былі цікавымі, змястоўнымі, насычанымі факталагічнымі дадзенымі і выклікалі цікавасць і ўвагу навучэнцаў.

Завяршылася прафарыентацыйнае мерапрыемства падвядзеннем вынікаў удзелу каманд устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў квэст-гульні “Па сцяжынках гісторыі” і віктарыне “Славутыя дзеячы Беларусі”. Былі вызначаны каманды-пераможцы, якія занялі прызавыя месцы. Усім удзельнікам прафарыентацыйнага мерапрыемства “Таямніцы беларускай гісторыі” былі ўручаны сертыфікаты.

 

Кафедра гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін

 

Дадатковая інфармацыя