Мы пачынаем КВЗ…

Мы пачынаем КВЗ…

       Як вядома, без жартаў і смеху ў нашым жыцці было б проста немагчыма! Вечар аўторка, 16 красавіка 2019 года, стаў прыемнай падзеяй для вясёлых і знаходлівых студэнтаў нашага ўніверсітэта. Маладых людзей чакаў сапраўдны КВЗ, да якога яны сур’ёзна і адказна рыхтаваліся. У гэтым годзе тэмай агульнаўніверсітэцкай гумарыстычнай гульні КВЗ стала тэма “Выбірай жыццё! Выбірай здароўе!”.

Гульня была праведзена весела, цікава і, бясспрэчна, прафесійна. Каманды пяці факультэтаў універсітэта змагаліся за званне лепшай каманды КВЗ УА МДПУ імя І.П. Шамякіна, а сама гульня стала лагічным завяршэннем серыі мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў межах тыдня фарміравання здаровага ладу жыцця, прымеркаванага да сусветнага Дня здароўя.

Неабходна адзначыць вастрыню жартаў, цікавыя сцэнкі, смешныя мініяцюры і акторскае майстэрства, якія паказалі каманды. Спаборнічалі каманды ў трох конкурсах: “Прывітанне”, конкурс капітанаў, “Творчы конкурс”. Разнастайныя накірункі мастацтва КВЗ станоўча ўплывалі на гледачоў.

Па выніках гульні пераможцам стала каманда “Біятэх” (тэхнолага-біялагічны факультэт). Дыплом ІІ ступені заваявала каманда “Планета “Будзь здаровы!”” (фізіка-інжынерны факультэт). Дыплом трэцяй ступені і працяглыя авацыі аматараў атрымала каманда “Анаболікі” (факультэт фізічнай культуры). Дыпломы ўдзельнікаў – у каманд “Be goodu” (філалагічны факультэт) і “Вітамінкі” (факультэт дашкольнай і пачатковай адукацыі).

Асаблівую ўдзячнасць выказваем прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў універсітэта і асабіста старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Струкаву В.В. за прадастаўленыя салодкія ўзнагароды.

 

Дадатковая інфармацыя