Да навучання – праз навуку
- Падрабязнасці
- Апублікавана 30.04.2019 11:04
19 красавіка 2019 года адбыўся ІІ Палескі адукацыйны і навуковы форум, прысвечаны 75-годдзю УА МДПУ імя І.П. Шамякіна. У ім прыняло ўдзел больш за 170 навучэнцаў і 100 педагогаў з устаноў адукацыі Гомельскай і Мінскай абласцей. Мэта форума – папулярызацыя даследчых, навуковых і метадычных дасягненняў, развіццё прафесійнай дзейнасці педагогаў Палескага рэгіёна, спрыянне забеспячэнню пераемнасці ўсіх ступеняў адукацыі.На ўрачыстым сходзе з прывітальным словам да прысутных звярнуўся рэктар універсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт В.М. Наўныка. Поспехаў у навуковых пачынаннях юным даследчыкам пажадала начальнік аддзела адукацыі Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Л.С. Клепчукова. Работа ІІ Палескага адукацыйнага і навуковага форума ўключала накірункі “Юны даследчык” і “Педагагічная майстэрня”.
Навучэнцы, якія робяць свае першыя крокі ў навуцы, прадставілі вынікі сваіх даследаванняў. У кожнай секцыі працавала экспертная камісія, у склад якой уваходзілі спецыялісты па профілі секцыі. Па выніках выступленняў былі прысуджаны дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў.
У межах накірунку “Педагагічная майстэрня” для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі былі арганізаваны секцыі, круглыя сталы, выставы і інш. Для гасцей форума таксама працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх навучэнцы пазнаёміліся з галоўнымі дасягненнямі факультэтаў універсітэта. Выказаць свае прапановы па рабоце форума, а таксама расказаць пра сябе і свае даследаванні можна было ў фармаце “Адкрыты мікрафон” пры падтрымцы студэнцкага тэлебачання.
Падчас работы Форума былі падведзены вынікі заключнага этапу феставалю-конкурсу “Хачу быць педагогам”. Дыпломы пераможцам конкурсу ўручыў начальнік вучэбна-метадычнага аддзела кіраўнічых працаўнікоў і інавацыйнай дзейнасці дзяржаўнай установы адукацыі “Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі” С.В. Агеенка. Для фіналістаў была праведзена педагагічная віктарына, а для педагогаў – трэнінгі і майстар-класы.
Удзельнікі мерапрыемства выказалі гатоўнасць прыняць удзел у рабоце наступнага Форума ў 2021 годзе.
Фотаздымкі мерапрыемства размешчаны ў афіцыйных групах універсітэта ў сацыяльных сетках.
|