Аб рабоце секцыі “Вопыт і перспектывы выкарыстання інавацыйных тэхналогій у выкладанні фізіка-матэматычных дысцыплін”
- Падрабязнасці
- Апублікавана 08.04.2019 08:23
Работу секцыі адкрыў Зянько Сяргей Іванавіч – кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры інфарматыкі і МВІ БДПУ імя М. Танка. Яго выступленне “Асаблівасці раскрыцця ў школьных прадметах зместу агульнавучэбных паняццяў інфарматыкі і матэматыкі” выклікала актыўнае абмеркаванне ў удзельнікаў семінара, у тым ліку настаўнікаў-практыкаў.
Выступленне Гуляевай Таццяны Васільеўны, кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры матэматыкі і МВМ БДПУ імя М. Танка “Падрыхтоўка будучых настаўнікаў матэматыкі да арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў” знайшло падтрымку сярод удзельнікаў секцыі.
Настаўнік-метадыст УА “Рэчыцкі дзяржаўны раённы ліцэй” Арыстава Лілія Станіславаўна падзялілася сваім бачаннем і вопытам выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у дакладзе “Лічбавыя інструменты ў дапамогу педагогу інтэрактыўныя заняткі з QUIZIZZ.COM)”.
Асаблівасцям падрыхтоўкі будучых афіцэраў быў прысвечаны даклад Івашчанка Інгі Анатольеўны, кандыдата тэхнічных навук, загадчыка кафедры фізікі УА “Ваенная акадэмія РБ”, “Гурток па рашэнні нестандартных і павышанай складанасці задач па фізіцы як форма падрыхтоўкі будучых афіцэраў да інжынернай і даследчай дзейнасці”.
Настаўнікі-практыкі ДУА “Сярэдняя школа № 16 г. Мазыра” падзяліліся вопытам педагагічнай дзейнасці. Кравец Алена Міхайлаўна – настаўнік фізікі вышэйшай катэгорыі – выступіла з дакладам “Метапрадметны падыход на ўроках фізікі”. Настаўнік інфарматыкі Федарэнка Максім Віктаравіч расказаў пра “Складанне і рэалізацыю алгарытмаў для камп’ютарнага выканаўцы РОБАТ”.
Вопытам работы ва УА МДПУ імя І.П. Шамякіна падзялілася Яфрэмава Марына Іванаўна, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры фізікі і матэматыкі, выступаючы з дакладам “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу пры арганізацыі навукова-даследчай работы студэнтаў”. Дорашава Лілія Валер’еўна, старшы выкладчык кафедры тэарэтычнай фізікі і прыкладной інфарматыкі, прысвяціла свой даклад тэме “Гуманізацыя навучання астраноміі як адзін са спосабаў фарміравання шэрагу ключавых кампетэнцый навучэнцаў”.
Кожны даклад добразычліва і канструктыўна абмяркоўвалі ўдзельнікі секцыі, якія ў выніку не толькі атрымалі станоўчыя эмоцыі, але і пэўныя метадычныя веды і вопыт.