Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на фізіка-інжынерным факультэце

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на фізіка-інжынерным факультэце

        28–29 сакавіка 2019 года на фізіка-інжынерным факультэце ўстановы адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна” адбылася ХІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыйныя тэхналогіі навучання фізіка-матэматычным і прафесійна-тэхнічным дысцыплінам”, прысвечаная юбілейным датам фізіка-інжынернага факультэта: 75-годдзю падрыхтоўкі педагагічных кадраў фізіка-матэматычнага профілю і 30-годдзю падрыхтоўкі кадраў інжынерна-педагагічнага профілю.

З мэтай абмену вопытам выкарыстання інавацыйных тэхналогій навучання і павышэння якасці адукацыі ў рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя з Рэспублікі Беларусь і краін блізкага і далёкага замежжа (Расія, Україна, Казахстан, Узбекістан, Польшча).

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся рэктар універсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Наўныка Валерый Мікалаевіч.

З першым пленарным дакладам “Касмічныя выклікі сучаснай фізіцы” выступіў прафесар кафедры оптыкі УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”, член-карэспандэнт НАН Рэспублікі Беларусь Сердзюкоў Анатоль Мікалаевіч. Далей на пленарным пасяджэнні выступіў прафесар кафедры камп’ютарных тэхналогій і сістэм факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Таранчук Валерый Барысавіч з дакладам “Метады і сродкі распрацоўкі інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў вочна-віртуальнай адукацыі”. Наступны дакладчык – загадчык аддзела кампазіцыйных матэрыялаў і рэцыклінга палімераў ДНУ “Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя В.А. Белага” НАН Рэспублікі Беларусь, доктар тэхнічных навук, прафесар Шапавалаў Віктар Міхайлавіч – выступіў па тэме “Перспектывы выкарыстання палімерных і палімераўтрымліваючых матэрыялаў у будаўніцтве”. Прафесар кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі ДУА “Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі”, доктар педагагічных навук, прафесар Пальчэўскі Барыс Васільевіч прадставіў пленарны даклад па тэме “Праектаванне стратэгіі развіцця ўніверсітэцкай адукацыі ў Палескім рэгіёне”. Даклад па тэме “Адукацыйны квэст як спосаб інтэрактыўнага навучання” прадставіў настаўнік фізікі ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Фаніпаля” Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, пераможца Рэспубліканскага конкурса прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Беларусі” ў 2017 годзе ў намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, выпускнік факультэта 2013 года Дубіна Максім Віктаравіч.

Далей навуковыя зносіны і абмен інфармацыяй паміж удзельнікамі канферэнцыі прадоўжыліся ў межах работы секцый:

1) “Вопыт і перспектывы выкарыстання інавацыйных тэхналогій у выкладанні фізіка-матэматычных дысцыплін”;

2) “Актуальныя праблемы навуковых даследаванняў у галіне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі”;

3) “Інавацыі ў сістэме бесперапыннай адукацыі ліцэй-каледж-УВА”.

Навуковыя даклады на секцыях выклікалі інтарэс і канструктыўныя зносіны.

Па выніках работы ХІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Інавацыйныя тэхналогіі навучання фізіка-матэматычным і прафесійна-тэхнічным дысцыплінам” будзе выдадзены зборнік матэрыялаў канферэнцыі.

 

Дадатковая інфармацыя