“Плакат як летапіс бою, як хроніка пачуццяў”
- Падрабязнасці
- Апублікавана 16.01.2019 12:07
Замежныя навучэнцы Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна 11 студзеня 2019 года наведалі музей народнай культуры Мазыршчыны “Палеская веда”. Экскурсія была арганізавана ў межах святкавання 75-годдзя вызвалення г. Мазыра і Мазырскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Студэнты наведалі “Залу Баявой славы”, дзе да 75-годдзя вызвалення г. Мазыра была выстаўлена экспазіцыя “Плакат як летапіс бою, хроніка пачуццяў”. У ёй былі прадстаўлены фотапартрэты ветэранаў вайны, спісы ўзнагароджаных ордэнамі і медалямі, франтавая перапіска, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны, макеты зброі і інш.
Асаблівасцю музея “Палеская веда” з’яўляецца тое, што ў экспазіцыях адсутнічаюць звыклыя тэксты з тлумачэннямі і каментарыямі. Замест гэтага кожны раздзел ілюструецца вершамі. А таксама ўзнаўляюцца аўдыязапісы народных песень. Задума ў тым, каб, натхніўшы наведвальніка пэўнымі эмоцыямі і пачуццямі, паказаць паэтыку і вобразнасць мыслення нашых продкаў. Тут можна ўбачыць традыцыйную хату – інтэр’ер, прадметы побыту, адзенне, прадметы, якімі стваралася рукатворнае багацце, – грэбень для часання, калаўрот, ткацкі станок і інш.
Экспазіцыя музея “Палеская веда” дазваляе дакрануцца да нашай духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, дзе захоўваюцца сапраўдныя ўзоры палескай культуры. Праз прадметы гісторыі і захапляльны аповед экскурсавода замежныя навучэнцы пазнаёміліся з культурнай спадчынай Палескага краю і г. Мазыра, які стаў для іх малой радзімай на гады вучобы ва ўніверсітэце. Засталося многа ўражанняў ад убачаных экспанатаў.