У межах навуковага супрацоўніцтва
- Падрабязнасці
- Апублікавана 27.12.2018 13:34
З 10 па 15 снежня студэнты, магістранты, аспіранты, настаўнікі англійскай мовы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі мелі магчымасць сустрэцца з Аматавым Аляксандрам Міхайлавічам, доктарам філалагічных навук, прафесарам кафедры англійскай мовы і методыкі выкладання ФДААУ ВА “Белгарадскі дзяржаўны нацыянальны даследчы ўніверсітэт” (Расійская Федэрацыя).
А.М. Аматаў, вучань выдатнага вучонага М.Я. Блоха, з’яўляецца адным з вядучых спецыялістаў у галіне парадыгматычнага сінтаксісу. Распрацаваныя А.М. Аматавым палажэнні актыўна рэалізуюцца ў практыцы выкладання замежных моў і маюць метадычную значнасць пры падрыхтоўцы настаўнікаў-філолагаў. Аляксандр Міхайлавіч прапаноўвае інавацыйны падыход да аналізу каўзальных сувязей, якія знаходзяцца ў аснове арганізацыі мовы, і да выкарыстання атрыманых ведаў пры навучанні розным відам моўнай дзейнасці. Аляксандр Міхайлавіч з’яўляецца аўтарам больш чым 150 навуковых і вучэбна-метадычных работ, многія з якіх уключаны ў вядучыя навукаметрычныя базы (Scopus, РИНЦ і інш.).
Кафедра замежных моў і МВЗМ мае працяглую гісторыю супрацоўніцтва з Аматавым Аляксандрам Міхайлавічам, які неаднаразова чытаў лекцыі для студэнтаў, што вывучаюць замежныя мовы. На гэты раз прафесар Аматаў А.М. прапанаваў аўтарскі спецкурс “Методыка акадэмічнага пісьма на англійскай мове”, у межах якога слухачы пазнаёміліся з асноўнымі асаблівасцямі навуковага стылю маўлення, жанрамі вуснага і пісьмовага акадэмічнага дыскурсу, як вучэбнага, так і ўласна навуковага, іх мэтамі, структурнымі і стылістычнымі асаблівасцямі.
