Віншуем! Пераможцы конкурсу “Даступная біяэтыка” наведалі Страсбург

Віншуем! Пераможцы конкурсу “Даступная біяэтыка” наведалі Страсбург

У конкурсе прымала ўдзел больш за 120 студэнтаў з усёй краіны, прычым не толькі будучыя медыкі, для якіх гэтыя пытанні блізкія з прычыны іх прафесіі, але і будучыя педагогі, юрысты, філолагі, архітэктары, інжынеры, аграномы.

Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх работ па даступнай біяэтыцы праводзіўся ў трох намінацыях: “Плакат”, “Відэа” і “Эсэ”. Тэматыка работ павінна была раскрыць найбольш актуальныя біяэтычныя пытанні сучаснага грамадства ў галіне аховы правоў чалавека і біямедыцыны.

Наш універсітэт прадстаўлялі студэнты тэхнолага-біялагічнага факультэта: Грузінава Наталля, студэнтка 3 курса спец. “Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва”, і Барташ Аліна, студэнтка 4 курса спец. “Біялогія і хімія”. Свае работы дзяўчаты прадставілі ў намінацыі “Плакат”.

31 кастрычніка 2018 г. журы падвяло вынікі Конкурсу.

Паказальна, што ў намінацыі “Плакат” 3 месца заняла конкурсная работа Грузінавай Наталлі “Жыццё – не смецце”.

Згодна з умовамі Конкурсу 20.11.2018 – 23.11.2018 пятнаццаць беларускіх студэнтаў, сярод якіх была і Грузінава Наталля, што занялі 1–3 месцы ў трох намінацыях студэнцкага конкурсу, былі ўзнагароджаны паездкай у г. Страсбург (Францыя) з вучэбным візітам. Паездка была арганізавана камітэтам па біяэтыцы Савета Еўропы ў межах плана супрацоўніцтва Савета Еўропы і Рэспублікі Беларусь у галіне біяэтыкі на 2018 г.

Узнагароджанне пераможцаў конкурсу “Даступная біяэтыка” адбылося ў першы дзень візіту на 14-м пленарным пасяджэнні Камітэту па біяэтыцы Савета Еўропы (DH-BIO). Узнагароды ўручалі члены міжнароднага журы – Гіві Джавашвілі (Грузія), Родзіка Грама (Малдова) і Гульнара Балакшыева (Азербайджан). Студэнтаў павіншавала старшыня камітэту па біяэтыцы Беатрыс Юан (Румынія), кіраўнік аддзела біяэтыкі Савета Еўропы Ларанс Львоф (Францыя).

З адказным словам выступіла беларускі эксперт у DH-BIO Сакольчык Валерыя, якая звярнула ўвагу на важнасць конкурсу, які дазволіў нашым студэнтам удзельнічаць у абмеркаванні біяэтычнай праблематыкі.

Пасля ўзнагароджання ўсе члены камітэту і госці былі запрошаны на кава-паўзу “з беларускім каларытам”, а затым усе наведалі выставу работ беларускіх студэнтаў. На выставе госці пазнаёміліся з 3 лепшымі відэаролікамі, якія трансліраваліся на вялікім экране ў выставачным холе Агоры з падрадковым перакладам на англійскую мову. У холе было размешчана 50 лепшых плакатаў беларускіх студэнтаў на розныя біяэтычныя тэмы, а таксама студэнты пазнаёміліся (на рускай і англійскай мовах) з лепшымі эсэ.

Паказальна, што пры абмеркаванні студэнцкіх работ многія дэлегаты пленарнага пасяджэння не толькі віншавалі беларускую дэлегацыю з поспехам, але і прапаноўвалі праводзіць па прыкладзе Беларусі штогадова такія конкурсы ў розных краінах свету.

У межах трохдзённага візіту беларускія студэнты прымалі ўдзел у семінарах і мітынгах, падрабязна пазнаёміліся з работай Савета Еўропы, прымалі ўдзел у пасяджэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека, наведалі цэнтр маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы і здзейснілі аглядавую экскурсію па цэнтры Страсбурга – пярліне сярэднявечнай еўрапейскай культуры.

Віншуем Наталлю і жадаем далейшых творчых перамог!

10.12.3 10.12.4
10.12.6 10.12.7
10.12.9 10.12.10
10.12.11 10.12.8

Дадатковая інфармацыя