“Застануся з камсамолам, буду вечна маладым…”: фестываль камсамольскай песні на філалагічным факультэце

“Застануся з камсамолам, буду вечна маладым…”: фестываль камсамольскай песні на філалагічным факультэце

       

29 кастрычніка 2018 года на філалагічным факультэце адбыўся фестываль-конкурс камсамольскай песні “Застануся з камсамолам, буду вечна маладым…”, прысвечаны 100-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Саюза Моладзі.

 

Гісторыя камсамола – жывы і яркі дакумент. Гартаючы яго старонкі, мы адчуваем дыханне эпохі, бачым непаўторную сувязь часоў і пакаленняў! Камсамольскія пакаленні… Пра іх складзена мноства песень і вершаў, напісаны раманы, зняты кінафільмы.

 

З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю звярнуўся прарэктар па выхаваўчай рабоце С.М. Шчур, які адзначыў, што на кожным гістарычным рубяжы камсамол вылучаў са свайго асяродку тысячы і тысячы маладых герояў, якія праславілі яго сваімі подзвігамі. Кожнае з пакаленняў камсамольцаў унесла ў гісторыю сваю непаўторнасць, сваю біяграфію, сваю мужнасць. Пад зоркай камсамола ішло пасляваеннае будаўніцтва, уздымалася цаліна, адкрываліся ўдарныя камсамольскія будоўлі, узрасталі новыя гарады, здзяйсняліся навуковыя адкрыцці.

Да студэнцкай моладзі звярнулася сакратар першаснай камсамольскай арганізацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К. Крупскай з 1978 па 1983 гады, дэкан філалагічнага факультэта з 2003 па 2017 год, дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі УА МДПУ імя І.П. Шамякіна Людміла Васільеўна Ісмайлава. Яна падкрэсліла, што камсамольская арганізацыя Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К. Крупскай, з’яўляючыся самай шматколькаснай у горадзе, ва ўсе часы была цэнтрам маладзёжных ініцыятыў, фарміравала асабовыя якасці, перакананні і грамадзянскую пазіцыю маладых людзей, выхоўвала сапраўдныя каштоўнасці: грамадзянскасць, патрыятызм, адказнасць, вернасць доўгу, шчырасць і высакароднасць. Школу студэнцкага камсамола прайшлі дзясяткі тысяч маладых людзей.

На форуме прысутнічалі ветэраны камсамольскага руху Мазыршчыны розных гадоў: Грыцэнка Леанід Кузьміч – сакратар камітэту камсамола Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К. Крупскай з 1974 па 1975 г.; Паршына Зінаіда Георгіеўна – першы сакратар Мазырскага райкама камсамола з 1977 па 1981 г., сакратар ЦК ЛКСМБ з 1983 па 1985 г.; Дударэнка Уладзімір Аляесандравіч – рэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К. Крупскай з 1983 па 1997 г.; Качан Людміла Міхайлаўна – першы сакратар Мазырскага гаркама ЛКСМБ з 1979 па 1982 г.; Сашняніна Наталля Іванаўна – другі сакратар Мазырскага гаркама ЛКСМБ з 1986 па 1988 г.; Наздрын-Платніцкі Віктар Пятровіч – першы сакратар Мазырскага райкама камсамола з 1988 па 1991 г.; Сымановіч Таццяна Мікалаеўна – дэкан філалагічнага факультэта УА МДПУ імя І.П. Шамякіна; Судзібор Ірына Леанідаўна – сакратар Мазырскага райкама камсамола з 1988 па 1991 г.; Мацвеева Святлана Васільеўна – начальнік аддзела па рабоце з моладдзю УА МДПУ імя І.П. Шамякіна.

У конкурсе прымалі ўдзел студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта: Уладзімір Васільевіч Кузьміч, Галіна Палуян, Анастасія Лахманкова, Дзмітрый Бацюня, Ірына Юрчанка, Паўла Святагор, Жанна Уладзіміраўна Грыб, Валянцін Малдуноў, Марыя Шпакоўская, Крысціна Пятроўская, Ксенія Катрук, Таццяна Куніцкая, Ганна Сцяпанава, Валерыя Рафальская, Ян Кавалёў.

Пераможцай у намінацыі “Мастацкае чытанне” стала Катрук Ксенія, студэнтка 4 курса 1 групы спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”, якая дэкламавала верш Л. Ашаніна “Волжская балада”.

Пераможцамі ў намінацыі “Вакальнае майстэрства” сталі:

ІІІ месца – Жанна Уладзіміраўна Грыб, выкладчык кафедры замежных моў і МВЗМ, з песняй “Пілоты” (словы А. Фацьянава, музыка У. Салаўёва-Сядога);

ІІ месца – Дзмітрый Бацюня, студэнт 4 курса 2 групы спецыяльнасці “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны” з песняй “Каманда юнацтва нашага” (словы М. Дабранравава, музыка А. Пахмутавай);

І месца – Ян Кавалёў, студэнт 4 курса 3 групы спецыяльнасці “Замежныя мовы (англійская, нямецкая)”, з “Песняй аб трывожнай маладосці” (словы Л. Ашаніна, музыка А. Пахмутавай).

Пераемнікам легендарнай гісторыі камсамола сёння выступае Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі. Маладое пакаленне ХХІ стагоддзя годна працягвае слаўныя традыцыі УЛКСМ.

Студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта віншуюць усіх са 100-годдзем з дня нараджэння УЛКСМ!

Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце

І.Л. Судзібор

 

Дадатковая інфармацыя