V Тураўскія Епархіяльныя Адукацыйныя Чытанні

V Тураўскія Епархіяльныя Адукацыйныя Чытанні

31-1-4

26 кастрычніка 2018 г. на філалагічным факультэце адбыліся V Тураўскія Епархіяльныя Адукацыйныя Чытанні на тэму “Моладзь: свабода і адказнасць”. З прывітальным словам да ўдзельнікаў Чытанняў звярнуліся дэкан філалагічнага факультэта Сымановіч Т.М., ігумен Свята-Калядна-Багародзіцкага мужчынскага манастыра (аг. Юравічы), начальнік аддзела рэлігійнай адукацыі, катэхізацыі і місіянерскай работы Тураўскай епархіі, ігумен Аўксенцій (Абражэй). Дэкан філалагічнага факультэта Сымановіч Т. М. у сваім выступленні падкрэсліла, што важным этапам развіцця супрацоўніцтва з Тураўскай епархіяй стала адкрыццё ў гэтым навучальным годзе на базе кафедры гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін Інавацыйна-метадычнага цэнтра духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа, дзейнасць якога накіравана на развіццё фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў па праблемах уключэння духоўнай спадчыны беларускага народа ў сучасны адукацыйны працэс.

З пленарнымі дакладамі перад удзельнікамі Чытанняў выступілі прафесар кафедры педагогікі і псіхалогіі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна, доктар педагагічных навук, прафесар Болбас В.С., начальнік аддзела даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.А. Сухога, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Юрыс С.А., загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Чарапко С.А., настаўнік гісторыі ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Слоніма” Радзецкая І.Я. Завяршылася пленарнае пасяджэнне Чытанняў выкананнем літаратурна-музычнай кампазіцыі “Недасяжная вышыня”, прысвечанай 80-годдзю У.С. Высоцкага пад кіраўніцтвам намесніка дэкана філалагічнага факультэта па выхаваўчай рабоце Судзібор І.Л.

Далейшая праца ўдзельнікаў V Тураўскіх Епархіяльных Адукацыйных Чытанняў працягвалася на базе ДУА “Гімназія г. Калінкавічы” ў межах шасці секцый: “Гісторыя Праваслаўя на беларускіх землях”, “Прырода чалавека і сэнс яго жыцця”, “Хрысціянскія каштоўнасці ў сучасным адукацыйным працэсе”, “Маладзёжная палітыка Рускай Праваслаўнай царквы”, “Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму ў этычнай дактрыне Праваслаўя”, “Дашкольнае выхаванне”.

Студэнты 1–3 курсаў філалагічнага факультэта прынялі ўдзел у круглым стале на тэму “Рэлігія і моладзь”, які адбыўся на базе Інавацыйна-метадычнага цэнтра духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа. Перад удзельнікамі круглага стала выступіў ігумен Сава (Мажука), насельнік Свята-Мікольскага манастыра горада Гомеля, які ў сваім выступленні закрануў праблемы хрысціянскай дабрачыннасці, сэнсу жыцця, каштоўнасных арыентацый моладзі. Падчас круглага стала паміж яго ўдзельнікамі адбыўся адкрыты, жывы, канструктыўны, цікавы, змястоўны і плённы дыялог.

Гаўрылавец Л.У., загадчык кафедры

гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін

 

Дадатковая інфармацыя