“Прыгажосць выратуе свет!”

“Прыгажосць выратуе свет!”

 

26-2-1

25 красавіка ў Палацы культуры “Будаўнік” адбыўся конкурс прыгажосці і грацыі “Міс універсітэт – 2018”. 5 таленавітых і артыстычных дзяўчат, студэнтак усіх факультэтаў універсітэта, не пабаяліся выйсці на публіку і паказаць усе свае здольнасці ў барацьбе за тытул “Міс універсітэт – 2018”.

“Прыгажосць выратуе свет!” – з гэтым выслоўем ніхто не спрачаецца. Аднак у нашым універсітэце лічаць, што свет выратуе гармонія душэўнай прыгажосці са знешняй. Менавіта таму на конкурсе “Міс універсітэт – 2018” быў зроблены акцэнт не толькі на знешніх дадзеных, але і на таленце, розуме.

На працягу месяца ўдзельніцы актыўна рыхтаваліся да гэтай падзеі. Дзяўчаты засвойвалі навыкі дэфіле, сцэнічнага маўлення, акторскага майстэрства, а таксама ўдзельнічалі ў розных фотаздымках. Гледачы змаглі паглыбіцца ў атмасферу свята і дакрануцца да прыгожага.

Дзяўчаты па чарзе прадстаўлялі сябе на конкурсе “Візітоўка”, для якога былі падрыхтаваны відэаролікі, прэзентацыі, сцэнічныя пастаноўкі. Інтэлектуальны конкурс стаў індыкатарам красамоўства, логікі і вынаходлівасці для канкурсантак. Ім неабходна было адказаць на пытанні, якія давалі магчымасць паразважаць на тэму жыццёвых мэтаў, шчасця і г.д.

У творчым конкурсе кожная з удзельніц прадставіла свой нумар, захапляючы прыгажосцю, грацыяй і артыстызмам. Напэўна, больш усяго намаганняў было ўкладзена менавіта ў гэтую частку конкурсу. Творчы нумар – гэта цэлы канцэрт, у якім дзяўчаты паказваюць свой талент. Кожная дзяўчына была ўнікальнай у сваім вобразе на сцэне. Сваю грацыёзнасць, прыгажосць, лёгкасць і вытанчанасць хады, уменне насіць самы вытанчаны ўбор дзяўчаты прадэманстравалі ў дэфіле вясельных сукенак. Доўгая вячэрняя мелодыя дазволіла ўсім разгледзець кожную ўдзельніцу конкурсу: яе сукенку, хаду, пластыку рухаў, усмешку на твары на апошнім дэфіле ў вячэрніх уборах.

 

У перапынках паміж конкурсамі ўвазе гледачоў прадстаўлялі самыя яркія музычныя нумары.

 

Зала падтрымлівала сваіх удзельніц. Журы, бясспрэчна, заставалася ў роздуме. Але, нягледзячы на жорсткія ацэнкі, без узнагароды ніхто не застаўся. Кожная ўдзельніца свята прыгажосці стала пераможцай у той ці іншай намінацыі і была ўзнагароджана прызамі і падарункамі, прадастаўленымі спонсарамі мерапрыемства.

 

На працягу месяца ў сетцы інтэрнэт адбывалася адкрытае галасаванне за званне “Міс ONLINE”. Па выніках галасавання тытул “Міс ONLINE” атрымала Юлія Болбас, студэнтка факультэта фізічнай культуры.

 

Па выніках конкурсу “Міс універсітэт – 2018” намінацыі размеркаваліся наступным чынам:

 

“Міс абаяльнасць” – Ангеліна Герман, фізіка-інжынерны факультэт;

 

“Міс спорт” – Юлія Болбас, студэнтка факультэта фізічнай культуры;

 

“Міс артыстызм” – Марыя Мікалаева, тэхнолага-біялагічны факультэт;

 

“Першая Віцэ Міс універсітэт” – Аляксандра Драч, факультэт дашкольнай і пачатковай адукацыі;

 

“Міс універсітэт – 2018” і заслужаную карону – Анастасія Лахманькова, філалагічны факультэт.

 

Віншуем і жадаем усім удзельніцам поспеху ў жыцці, дабрыні і шчасця!

 

 

 
 

Дадатковая інфармацыя