Сустрэча Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь з лепшымі студэнткамі краіны

Сустрэча Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь з лепшымі студэнткамі краіны

13-1-1

6 сакавіка 2018 года напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ва ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” адбылася сустрэча Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенка са студэнткамі ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна на сустрэчы прадстаўляла студэнтка 5 курса фізіка-інжынернага факультэта Барабанава Марыя.

Сустрэча Карпенка І.В. з лепшымі студэнткамі вышэйшых навучальных устаноў краіны, якія дасягнулі высокіх вынікаў у навуковым, грамадскім, спартыўным і культурным жыцці, праходзіла за круглым сталом у канферэнц-зале БДПУ імя Максіма Танка. Дзелавая сустрэча перайшла ў гутарку за кубачкам чаю, дзе ў прыемнай сяброўскай атмасферы абмяркоўваліся не толькі сур’ёзныя пытанні, якія датычацца адукацыі, але і штодзённыя пытанні жыцця і вольнага часу жанчын, іх ролі ў сям’і і дзяржаве. Было цікава паслухаць думку Міністра пра жанчын, якія займаюць высокія пасады ў сістэме кіравання, а таксама пра якасці, якімі павінна валодаць кожная жанчына.

У працэсе сустрэчы Ігар Васільевіч уручыў дзяўчатам Удзячнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, павіншаваў іх з надыходзячым святам, пажадаў заставацца вернымі сваёй мары, прафесіі, не баяцца прымаць рашэнні і ўпэўнена рухацца да поспеху. Ігар Васільевіч адзначыў: “Ваш поспех – гэта поспех нашай краіны ў будучыні”.

Працягам сустрэчы стала пазнаваўчая экскурсія па БДПУ, у ходзе якой прысутныя пазнаёміліся з векавой гісторыяй педуніверсітэта, наведалі Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі і залу рэдкай кнігі.

Напрыканцы дня дзяўчат чакаў падарунак – канцэрт зорак тэатра з удзелам фіналістаў тэлевізійнага праекта “Вялікая опера” ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

 

Дадатковая інфармацыя