“Выкладчык – высакароднае прызванне…”

“Выкладчык – высакароднае прызванне…”

29 верасня напярэдадні прафесійнага свята ва ўніверсітэце адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Году навукі і Дню настаўніка.

Дзень настаўніка – свята, якое карыстаецца асаблівай любоўю і павагай. Быць педагогам – значыць не толькі ажыццяўляць сувязь паміж мінулым, цяперашнім і будучым, выконваць ролю наватара, даследчыка, выхавацеля, арганізатара, але і быць гатовым аддаваць часцінку сябе іншым.

З прафесійным святам супрацоўнікаў і студэнтаў павіншаваў рэктар універсітэта, заслужаны работнік адукацыі, доктар біялагічных навук, прафесар Валянцін Васільевіч Валетаў. У сваім віншавальным слове Валянцін Васільевіч адзначыў, што ў сучасным свеце праца настаўніка патрабуе высокай ідэйнасці, выразна акрэсленай прафесійнай накіраванасці, трывалых ведаў і ўстойлівых інтарэсаў. Ні адна прафесія не дае такога рознабаковага развіцця, не карыстаецца такой павагай у грамадстве, як прафесія настаўніка.  Настаўнік адказвае за ўдасканальванне маладога пакалення і фарміраванне будучыні нашай краіны.

За якасную і добрасумленную працу са студэнтамі, за актыўную работу па арганізацыі плённага супрацоўніцтва з установамі адукацыі і ў сувязі з Днём настаўніка Граматамі УА “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна” былі ўзнагароджаны:

– Надзея Іванаўна Новік-Шчарбенка, загадчык сектара давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі;

– Ігар Віктаравіч Катовіч, загадчык кафедры біёлага-хімічнай адукацыі;

– Іван Міхайлавіч Масло, загадчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання;

– Сяргей Фёдаравіч Нічыпорка, дацэнт кафедры методыкі тэхналагічнай адукацыі.

Шчырыя словы віншавання прагучалі ад ганаровага госця мерапрыемства – старшыні Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Сяргея Аляксандравіча Гваздзя, які ўручыў Грамату Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Алене Уладзіміраўне Ціханавай, дацэнту кафедры методыкі тэхналагічнай адукацыі, і Ліст падзякі Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Аляксеевічу Голубу, намесніку дэкана фізіка-інжынернага факультэта, дацэнту кафедры тэарэтычнай фізікі і прыкладной інфарматыкі.

Паважаныя педагогі, жадаем Вам прафесійных і творчых поспехаў у вашай нялёгкай, але патрэбнай справе! Цярплівасці, аптымізму, здзяйснення ўсяго задуманага, моцнага здароўя і шчасця. Няхай заўсёды ў вашай душы застаюцца маладосць, любоў, аптымізм і невычэрпная энергія!  

 

Дадатковая інфармацыя