УА МДПУ імя І.П. Шамякіна на XXV Млыне Моды

УА МДПУ імя І.П. Шамякіна на XXV Млыне Моды

11–13 мая 2016 года ў Мінску адбыўся фінал XXV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын Моды 2016”. Традыцыйна ў намінацыях “Школа моды”, “Майстар моды”, “Фота”, “Майстар стылю”, “Міс-мадэль Беларусь”, “Містэр-мадэль Беларусь”, “Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу” і “Топ-мадэль фестывалю-конкурсу” спаборнічалі як ужо вядомыя, так і зусім юныя дызайнеры і мадэлі.

Наш універсітэт на гэтым значным для творчай часткі моладзі мерапрыемстве прадстаўлялі студэнткі 2 курса тэхнолага-біялагічнага факультэта, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва”, Яраш Вікторыя і Крысанава Алена. Для конкурсу была падрыхтавана калекцыя падлеткавага адзення  «Blue Moth», якая складаецца з дзесяці камплектаў адзення, дзесяці розных вобразаў. Кіраўніком творчай групы і каардынатарам дзейнасці студэнтак з’яўляецца куратар групы, старшы выкладчык кафедры працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва Макеранкова Інэса Анатольеўна.

Спаборніцтвам у фінале папярэднічала доўгая творчая праца па праектаванні і вырабе калекцый і праходжанне двух адборачных тураў. Асаблівасцю нашай калекцыі ў гэтым годзе стаў не толькі яе павялічаны аб’ём, але і спалучэнне некалькіх відаў апрацоўкі (вязанне, роспіс, выраб тэкстыльнай біжутэрыі, дадаткаў да касцюма).

У выніку рэгіянальных тураў з больш чым чатырохсот удзельнікаў, якія прадставілі заяўкі на адборачныя туры, у фінал фестывалю-конкурсу выйшлі 87 беларускіх дызайнераў са сваімі аўтарскімі калекцыямі, выкананымі з розных матэрыялаў, з унікальнымі відамі аздаблення, аўтарскім бачаннем канструкцыі і тэхналогіі пашыву.

У фінале юбілейнага фестывалю журы было асабліва прадстаўнічым, былі запрошаны эксперты, спецыялісты ў галіне моды і дызайну вядучых арганізацый Францыі, Германіі, Польшчы, Літвы, Расіі і інш. У журы працавалі такія вядомыя фігуры індустрыі моды, як Таццяна Міхалкова, Мікалай Марозаў і інш.

У ходзе мерапрыемстваў, якія суправаджалі правядзенне фінальнага туру, нашы маладыя дызайнеры адзення змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах вядомых мадэльераў, паслухаць лекцыі спецыялістаў у індустрыі моды, прыняць удзел у адукацыйных семінарах і прэс-канферэнцыях.

Дзень фінальных паказаў быў самым важным і самым хвалюючым. Нашы маладыя дызайнеры годна прадставілі сваю калекцыю і былі ўшанаваны апладысментамі і станоўчымі водгукамі калег.

Вікторыя і Алена адзначаны дыпломамі за ўдзел у фінале, ім уручаны каталогі конкурсных калекцый – унікальнае выданне, якое выдадзена абмежаваным тыражом.

Адзначаючы поспехі непасрэдных удзельніц конкурсу, побач з гэтым неабходна ад імя факультэта выказаць удзячнасць студэнткам, якія аказалі дапамогу ва ўвасабленні творчых ідэй пры вырабе калекцыі: Мажанавай Алене (2 курс) і Лаўрыненка Ганне (4 курс) за прафесійныя уменні, працалюбівасць і неабыякавасць!

Віншуем Яраш Вікторыю і Крысанаву Алену з паспяховым удзелам у XXV Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын Моды 2016” і жадаем далейшых творчых поспехаў!

 

 

Кафедра трудового обучения
и изобразительного искусства

 

Дадатковая інфармацыя