Пакуль памятаем – мы жывем!

Пакуль памятаем – мы жывем!

Пад такім дэвізам 16 лютага 2016 года на тэхнолага-біялагічным факультэце па ініцыятыве аддзела па выхаваўчайй рабоце з моладдзю пры падтрымцы адміністрацыі факультэта і прафкама студэнтаў у асобе Віктара Віктаравіча Струкава адбылася сустрэча студэнцкага актыву факультэта з нашым земляком, удзельнікам афганскай вайны – Адзінцовым Аляксандрам Васільевічам. Дадзенае мерапрыемства было прысвечана Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаецца штогадова 15 лютага згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157.

 

Роўна 27 год паміж намі і тым памятным днём, калі апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана, дзе 9 гадоў і 51 дзень выконвалі інтэрнацыянальны абавязак простыя савецкія юнакі. Гэтая вайна ў далёкай ад Беларусі краіне датычылася многіх нашых суайчыннікаў, іх сем’яў, блізкіх, сяброў і таварышаў. Менавіта гэты дзень – 15 лютага – стаў Днём памяці не толькі для тых, хто ваяваў у Афганістане, але і для ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія ўдзельнічалі ва ўрэгуляванні ваенных канфліктаў на тэрыторыях бліжняга і далёкага замежжа.

 

Сустрэча з нашым ганаровым госцем праходзіла ў форме круглага стала. Мерапрыемства адкрыў дэкан факультэта Валерый Мікалаевіч Наўныка, які адзначыў, што ў гэты дзень мы аддаем даніну памяці воінам, якія прайшлі цяжкімі дарогамі Афганістана, і прадставіў госця Адзінцова Аляксандра Васільевіча – удзельніка баявых дзеянняў у Афганістане, чалавека з высокім пачуццём грамадзянскага абавязку і салдацкай мужнасці.

 

Увазе ўдзельнікаў была прадстаўлена праграма, асноўнай мэтай якой было нагадаць усім прысутным пра тыя страшныя падзеі, якія адбыліся ў наш мірны час.

 

Вядучыя мерапрыемства Архіпава Вераніка і Бачкова Алена азнаёмілі прысутных з асноўнымі этапамі і асаблівасцямі афганскай вайны. Музычнае суправаджэнне мерапрыемства, паказ слайдаў з жыцця салдат, песні ў выкананні Алены Бачковай і Валерыя Дзекаўца, тэматычныя вершы, прачытаныя Грышчанка Таццянай і Тушынскай Дар’яй, – усё было прадумана да дробязяў. У сканцэнтраваных поглядах удзельнікаў сустрэчы чыталіся павага, захапленне і гонар за савецкіх салдат. Пад гукі метранома і мірганне свечкі прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць тых, хто загінуў у той страшнай вайне.

 

Кульмінацыяй сустрэчы стала выступленне нашага госця. Аляксандр Васільевіч расказаў пра сябе, пра тое, як пачыналася і праходзіла яго вайсковая служба, аб яе цяжкасцях і жорсткіх уроках, аб баявым брацтве, аб воінах-афганцах, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак.

 

Аляксандр Васільевіч выказаў сваю ўдзячнасць за тое, што студэнты шануюць памяць аб вайне ў Афганістане, адзначыўшы пры гэтым, што галоўнай задачай савецкіх войскаў у гэты перыяд была міратворная місія.

 

Сустрэча праходзіла ў вельмі цёплай, добразычлівай абстаноўцы і стала па-сапраўднаму незабывальнай. Студэнты, прытаіўшы дыханне, слухалі госця, кожнае слова якога дасягала іх сэрцаў. Паступова сустрэча перарасла ў сяброўскую гутарку за кубачкам чаю, у ходзе якой студэнты і педагогі задавалі пытанні аб службе, аб першым баявым вопыце, аб дзейнасці пасля арміі і інш.

 

Удзельнікі дадзенага мерапрыемства пазнаёміліся з кніжна-ілюстратыўнай выставай, на якой былі прадстаўлены кніжныя і перыядычныя выданні, і з цікавасцю разглядвалі кнігі з фотаздымкамі герояў вайны, картамі баявых дзеянняў.

 

На памяць аб сустрэчы студэнты ўручылі госцю кветкі і зрабілі агульны фотаздымак.

 

Праведзенае мерапрыемства застанецца ў сэрцах напамінам пра тое, што, пакуль жыве чалавечая памяць, жыве і сам Чалавек.

 

Мы не жаждали звезд…

 

Не искали на власть притязаний

 

И как жить на афганской земле,

 

Нам никто не давал указаний…

 

А за светлую, тихую  грусть

 

И за скорбь, что из пламени родом.

 

Ты прости нас, Белая Русь,

 

Мы чисты перед нашим народом…

 

     

 

Дадатковая інфармацыя