Любімаму гораду прысвячаецца!

Любімаму гораду прысвячаецца!

0

2015 год для горада Мазыра быў асаблівым: ён адзначаў 860-гадовы юбілей. Студэнты і выкладчыкі буйнейшай вучэбнай установы горада не маглі застацца абыякавымі да такой значнай падзеі. Кафедрай працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва была ініцыіравана і аб’яўлена доўгатэрміновая акцыя “Мой горад, я цябе люблю!”. Асноўнай мэтай дадзенага мерапрыемства з’яўляецца фарміраванне грамадзянскасці, пачуцця патрыятызму, эстэтычнае і маральнае выхаванне студэнцкай моладзі, а таксама развіццё іх творчых здольнасцей і ініцыятыўнасці.

 

Асноўная ідэя акцыі была запатрабавана не толькі ў арганізацыі выхаваўчых мерапрыемстваў, але і пакладзена ў аснову пры распрацоўцы тэматыкі курсавога праектавання па дысцыпліне “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” на 5 курсе дзённай формы атрымання вышэйшай адукацыі. Студэнтам было прапанавана падабраць фотаздымкі прыгожых месцаў горада Мазыра, распрацаваць на іх аснове эскізы і схемы і выканаць творчыя работы.

Для ўвасаблення сваіх ідэй студэнты выбіралі розныя тэхнікі і матэрыялы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пры распрацоўцы схем імі былі выкарыстаны сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, у ходзе стылізацыі фотаадлюстраванняў для атрымання эскізаў ужываліся кампазіцыйныя законы і правілы.

Найбольш арыгінальныя і эстэтычныя работы былі выкананы ў тэхніцы вышывання бісерам Карповіч В., Лукеш А., Банет В.; заслугоўваюць увагі вышытыя крыжыкам пано Пратасюк Н. і Коўзік А.; вельмі незвычайная мазаіка са скуры Белячковай А. і вязанае кручком пано Грыневіч В. Да акцыі далучыліся і студэнты малодшых курсаў; так, захапляюць сваёй далікатнасцю і скрупулёзным падыходам работы, выкананыя студэнткай 3 курса Чуб Крысцінай у тэхніцы вітража і вышывання крыжыкам.

Пры абароне курсавых работ студэнты адзначалі, што выкананне садзейнічала не толькі развіццю практычных навыкаў у галіне таго ці іншага рамяства, але і падштурхнула да вывучэння гісторыі горада, аналізу архітэктурных форм, ацэнкі іх эстэтычнай ролі ў фарміраванні гарадскога аблічча. Падводзячы вынікі акцыі, неабходна адзначыць неабыякавасць і зацікаўленасць студэнтаў, а гэта значыць, што сваю выхаваўчую задачу дадзенае мерапрыемства выканала. Мяркуецца, што работа ў дадзеным кірунку будзе працягвацца і парадуе нас новымі творчымі дасягненнямі. Жадаем нашым студэнтам натхнення і творчых поспехаў!

1 2 3
4 5 6
7 8 10
9 10 11

 

Дадатковая інфармацыя