Навагодняя казка ад студэнтаў філфака
- Падрабязнасці
- Апублікавана 30.12.2015 08:42
25.12.2015 напярэдадні навагодніх святаў студэнты філалагічнага факультэта і факультэта дашкольнага і пачатковага навучання, а таксама супрацоўнікі сацыяльна-псіхалагічнай службы ўніверсітэта, прафкама студэнтаў наведалі выхаванцаў ДУА “Мазырскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым сацыяльным прытулкам”. Нашы студэнты падрыхтавалі дзецям сюрпрыз – чароўную навагоднюю казку.
Навагодняе прадстаўленне для дзяцей пачалі тры сястры (Аліна Шаўрэй, Аліна Джугань, Марыя Грамыка), выкрадальніцы Дзеда Мароза і Снягурачкі. Разам з дзецьмі навагодняга чараўніка шукалі хлопчык Кірылка (Скорыкаў Уладзімір), дзве сяброўкі – Оля і Яло (Ірына Качан і Ксенія Арцямчук). Дзеці з вялікай радасцю дапамагалі нашым героям разблытаць замыслы сясцёр-выкрадальніц, разам са старым-Лесавічком (Інэсай Рандай) і Пудзілам (Кірылам Латышавым) шукалі карту прыгод. Калі з’явіліся Баба Яга і Кашчэй Неўміручы (Вольга Касцішына і Аляксей Макееў), дзеці з неверагодным задавальненнем прынялі “танцавальны выклік” і ператанцавалі нашых злодзеяў. Танцы працягваліся разам з Пэпі Доўгайпанчохай (Алёнай Максіменка), а пасля, калі да нас далучыўся кот Матроскін (Крысціна Каленік), дзеці перамаглі казачных герояў у гульні “Чароўны шарык”.
Выканаўшы ўсе патрабаванні сясцёр-выкрадальніц, дзеці змаглі адгадаць усе загадкі і вызваліць выкрадзеных Дзядулю Мароза і Снягурачку (Дзмітрый Шапавалаў і Паліна Макарэвіч), навагодняе свята было выратавана! У фінале нашага прадстаўлення дзеці атрымалі падарункі і віншаванні з надыходзячым святам ад Дзядулі Мароза і Снягурачкі. Арганізатарам, сцэнарыстам і галоўным рэжысёрам нашага прадстаўлення была Ганна Гаўрылоўская, студэнтка 5 курса 2 групы філалагічнага факультэта. Мы спадзяемся, што змаглі падарыць дзецям наша цяпло і любоў, часцінку навагодняга чараўніцтва і сапраўднай казкі!
З Калядамі і Новым Годам!!!