Развіццё асобы ва ўмовах дэпрывацыі як актуальная сацыяльна-псіхалагічная праблема

Развіццё асобы ва ўмовах дэпрывацыі як актуальная сацыяльна-псіхалагічная праблема

22-12-01Для паўнацэннага развіцця асобы значнымі з’яўляюцца не толькі і не столькі патрэбы ў ежы, самазахаванні, прадаўжэнні роду, колькі ва ўзаемадзеянні і эмацыянальнай сувязі дзіцяці з блізкімі людзьмі. Тэрмін “дэпрывацыя” выкарыстоўваецца ў псіхалогіі і медыцыне, у побытавым маўленні і азначае пазбаўленне альбо абмежаванне магчымасцей задавальнення жыццёва важных патрэб. У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць разумення дзіцячых праблем, звязаных з дэпрывацыяй, якая набывае асаблівую важнасць у сучаснай псіхалогіі ў кантэксце тармажэння інтэлектуальнага і эмацыянальнага развіцця дзіцяці ў сілу недахопу сацыяльных і сэнсарных стымулаў.

Асаблівую значнасць праблема развіцця асобы ва ўмовах дэпрывацыі мае для студэнтаў, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)”. Будучым спецыялістам неабходны веды аб выніках дэпрывацыі, якія ўскладняюць сацыялізацыю і сацыяльную адаптацыю дзіцяці ў грамадстве, пры гэтым дзіця губляе ўласцівую для яго ўзросту не толькі фізічную, але і псіхічную актыўнасць.

Асноўныя аспекты праблемы развіцця асобы ва ўмовах дэпрывацыі знайшлі сваё адлюстраванне ў рамках адкрытых лекцыйных заняткаў, праведзеных загадчыкам кафедры псіхалогіі і педагогікі прафесійнага навучання Калеснічэнка Аленай Аляксееўнай са студэнтамі тэхнолага-біялагічнага факультэта 2 курса 1 групы, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)”. Будучыя сацыяльныя работнікі і выкладчыкі фізіка-інжынернага факультэта былі падрабязна азнаёмлены з паняццем дэпрывацыі, яе відамі, формамі і ўзроўнямі, асаблівасцямі псіхасацыяльнага развіцця дзяцей, якія выхоўваюцца ва ўмовах дэпрывацыі. Разгляд паняцця дэпрывацыі з пункту гледжання айчынных і замежных падыходаў, яркае мультымедыйнае суправаджэнне, элементы праблемнага навучання – усё гэта стварала атмасферу сумеснай творчасці і садзейнічала больш глыбокаму кагнітыўна-эмацыянальнаму ўспрыняццю матэрыялу лекцыі, а таксама фарміраванню прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў, неабходных будучым спецыялістам у галіне сацыяльнай работы.

Такім чынам, праблема развіцця асобы ва ўмовах дэпрывацыі ў сучасным свеце набывае асаблівую значнасць. Дзіця з нараджэння павінна выхоўвацца ў атмасферы эмацыянальнай цеплыні, пяшчоты, любові, на аснове стойкіх і глыбокіх эмацыянальных сувязей, якія ператвараюць чалавека ў суб’ект сацыяльных адносін, што набываюцца і фарміруюцца ўнутры адносінаў маці – дзіця. 

Дадатковая інфармацыя