СНДЛ “Кагерэнтная оптыка і галаграфія”: дыялог з кіраўніком
- Падрабязнасці
- Апублікавана 07.12.2015 13:11
2 снежня 2015 года па ініцыятыве студэнцкага навуковага таварыства УА МДПУ імя І.П. Шамякіна адбылася сустрэча студэнтаў 1 і 2 курсаў фізіка-інжынернага факультэта (спецыяльнасць “Камп’ютарная фізіка”) з кіраўніком студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Кагерэнтная оптыка і галаграфія” Васілём Васільевічам Шапялевічам, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам.
Васіль Васільевіч расказаў аб асноўных накірунках работы і дасягненнях навукова-даследчай лабараторыі.
Асноўныя накірункі работы СНДЛ:
– рашэнне даследчых задач па фізіцы;
– галаграфія ў фотарэфрактыўных крысталах;
– светлавыя пучкі ў фотарэфрактыўных крысталах;
– камп’ютарнае мадэляванне фізічных працэсаў;
– падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Дасягненні СНДЛ “Кагерэнтная оптыка і галаграфія”:
– студэнты, якія прымалі ўдзел у рабоце СНДЛ, добра падрыхтаваныя для далейшай даследчай дзейнасці, маюць навуковыя публікацыі і добры задзел для дысертацыйнай работы. Паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі Ропат П.І. (1992), Ягораў М.М. (1993), Фірсаў А.А. (2000), Нічыпорка С.Ф. (2003), Наўныка В.М. (2007), Голуб А.А. (2011), Загорскі А.Я. (2011), Давыдоўская (Рыжова) В.В. (2014);
– актыўная работа ў СНДЛ дазваляе студэнтам удзельнічаць у міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў (І катэгорыя: Наўныка В.М. (2004), Рыжова В.В. (2006), Дубіна М.В., Макарэвіч А.В. (2012) і інш.);
– за выніковую навукова-даследчую работу ўдзельнікам СНДЛ прызначаліся стыпендыя Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па спецыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў: Нічыпорка С.Ф. (1996-1997), Рыжова В.В. (2009–2010), Дубіна М.В. (2008–2011);
– у 2014 годзе студэнтка Ярмоліч М.М. (навуковы кіраўнік – Шапялевіч В.В.) абараніла дыпломную работу на англійскай мове.
Затым прафесар В.В. Шапялевіч расказаў, што рашэннем Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 2015 год аб’яўлены Міжнародным годам святла і светлавых тэхналогій, і прывёў прыклады эфектыўнасці выкарыстання светлавых тэхналогій у розных накірунках дзейнасці па паляпшэнні якасці жыцця, адукацыі, эканомікі.
Падчас сустрэчы ў аўдыторыі панавала атмасфера добразычлівасці і ўзаемаразумення. Студэнты 1 і 2 курсаў фізіка-інжынернага факультэта праявілі непаддзельную цікавасць да прадстаўленай прафесарам Васілём Васільевічам інфармацыі, што будзе садзейнічаць іх зацікаўленасці ў рабоце навукова-даследчай лабараторыі “Кагерэнтная оптыка і галаграфія”.