Рэспубліканскі форум маладзёжнага стартап-руху

Рэспубліканскі форум маладзёжнага стартап-руху

Першы рэспубліканскі форум маладзёжнага стартап-руху прайшоў у Пінску на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. У рабоце форума прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты факультэта тэхналогіі: Ціханава А.У., заг. кафедры працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва, Карась С.І., асістэнт гэтай жа кафедры, студэнткі 2 курса 2 групы Яраш Вікторыя і Крысанава Алена.

Мерапрыемства стала значнай падзеяй для студэнцкага асяродку. Форум наведаў міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, які адзначыў, што дадзенае мерапрыемства паказала: моладзь здольная крэатыўна мысліць, прыдумваць дзіўныя ідэі, праектаваць бізнеспраекты, аргументавана даказваць неабходнасць увасаблення іх у жыццё.

Зараз у Беларусі разгортваецца актыўная дзейнасць па прэзентацыі стартап-праектаў студэнтаў, у вышэйшых навучальных установах арганізоўваюцца мерапрыемствы, якія закліканы навучыць жадаючых. На першым рэспубліканскім конкурсе маладзёжнага стартап-руху было прадстаўлена каля 60 унікальных бізнес-праектаў, распрацаваных студэнтамі з 16 ВНУ Беларусі. Усе прэзентацыі праходзілі ў выглядзе краш-тэсту, што дазволіла адразу вызначыць перспектыўнасць прапановы і атрымаць рэкамендацыі па ўдасканальванні праекта. У экспертнай камісіі працавалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі РБ, Парка высокіх тэхналогій, дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, паспяховых кампаній і арганізацый Брэстчыны, а таксама замежныя інвестары.

Прадстаўнікі нашай ВНУ прэзентавалі сацыяльны праект “Модная краіна – модны ты!”, у рамках якога планавалася стварэнне і абсталяванне творчай майстэрні па распрацоўцы і пашыве сучасных мадэляў маладзёжнага адзення. Выбар дадзенай тэмы быў абумоўлены тым, што моладзь у сваім імкненні быць моднай, адпавядаць сучасным тэндэнцыям у стылі адзення арыентуецца на еўрапейскія традыцыі. Нягледзячы на тое, што беларуская тэкстыльная прамысловасць спецыялізуецца на якасных натуральных тканінах з экалагічна чыстай сыравіны, айчынныя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці не ў поўнай меры выкарыстоўваюць гэты рэсурс, вырабляюць адзенне, якое не адпавядае ўяўленням маладога пакалення аб модным стылі, практычнасці і элегантнасці адначасова.

Праект “Модная краіна – модны ты!” з мэтай рэпрэзентацыі адзення айчынных брэндаў і папулярызацыі яго сярод моладзі прапаноўвае распрацоўку нестандартных па канструкцыі і знешнім афармленні, камфортных у нашэнні калекцый адзення з матэрыялаў беларускіх вытворцаў.

Ідэі праекта былі заслуханы з цікавасцю, адзначаны як практыкаарыентаваныя, перспектыўныя для маладзёжнага асяродку. Праект заслужыў увагу прадстаўнікоў Брэсцкага тэлебачання, якія ўзялі інтэрв’ю ў студэнткі Яраш В.

Гранты Міністэрства адукацыі атрымалі тры бізнес-праекты камерцыйнай накіраванасці. На думку экспертаў, на форуме практычна не было па-сапраўднаму інавацыйных ідэй, якімі б зацікавіліся інвестары, і студэнты ўспрымалі свае праекты не як уласны бізнес і справу ўсяго жыцця, а як гульню. Але як элемент вучэбнага працэсу такія мерапрыемствы неабходныя і будуць падтрымлівацца. 


  

Дадатковая інфармацыя