Фізіка і лірыка, вопыт і маладосць

Фізіка і лірыка, вопыт і маладосць

24 лістапада 2015 года па ініцыятыве савета маладых вучоных УА МДПУ імя І.П. Шамякіна адбылася сустрэча маладых выкладчыкаў, аспірантаў і магістрантаў універсітэта з доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам Васілём Васільевічам Шапялевічам.

Сустрэча пачалася з сумеснага выканання гімна студэнтаў «Guadeamus», што стварыла асаблівую атмасферу адзінства ўсіх прысутных.

Васіль Васільевіч адзначыў, што любы вучоны павінен быць перш за ўсё адукаваным чалавекам, які не толькі валодае ведамі ў галіне свайго даследавання, але і валодае творчымі здольнасцямі. Вось і сам прафесар В.В. Шапялевіч у свой час выбіраў: стаць фізікам альбо журналістам. І хоць выбар быў зроблены на карысць навукі, Васіль Васільевіч у душы застаецца лірыкам.

Далей у сваім выступленні прафесар В.В. Шапялевіч нагадаў прысутным, што рашэннем Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 2015 год аб’яўлены Міжнародным годам святла і светлавых тэхналогій, і прывёў прыклады эфектыўнасці выкарыстання светлавых тэхналогій у розных накірунках дзейнасці па паляпшэнні якасці жыцця, адукацыі, эканомікі.

У ходзе сустрэчы Васіль Васільевіч расказаў аб паспяховай дзейнасці сваёй навуковай школы – на базе лабараторыі кагерэнтнай оптыкі і галаграфіі ім было падрыхтавана 9 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук, 8 з якіх з’яўляюцца выпускнікамі нашай ВНУ. Прафесар падзяліўся з прысутнымі некаторымі сакрэтамі падрыхтоўкі кадраў для вышэйшай школы і адзначыў, што пачынаць падрыхтоўку магістранта, а ў будучым – аспіранта, неабходна ўжо з 2 курса.

На працягу ўсёй сустрэчы ў аўдыторыі панавала атмасфера добразычлівасці, узаемаразумення і жывой цікаўнасці, што садзейнічала адкрытаму дыялогу вопытнага вучонага з маладымі калегамі.

 Ганна Юдзянкова,
старшыня савета маладых вучоных

Дадатковая інфармацыя