Міжнароднае супрацоўніцтва: вынікі і перспектывы
- Падрабязнасці
- Апублікавана 19.11.2015 07:32
Вебінар, які адбыўся 17 лістапада 2015 года на кафедры нямецкай мовы і МВЗМ, з’явіўся лагічным вынікам плённага супрацоўніцтва з кафедрай замежных моў ФДБАУ ВПА “Башкірскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт” (Рэспубліка Башкарстастан, Уфа) у рамках міжнароднага дагавора на 2010–2015 гг. У вебінары прынялі ўдзел кафедра англійскай мовы і МВЗМ, а таксама кафедра замежных моў УА МДПУ імя І.П. Шамякіна.
Праграма вебінара ўключала наступныя пытанні:
- Падвядзенне вынікаў супрацоўніцтва за 5 гадоў і абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва і двухбаковых кантактаў на 2016–2020 гг.
- Вынікі і перспектывы сумесных навуковых даследаванняў.
- Абмен вопытам у галіне выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій у навучанні замежным мовам і распрацоўкі сучасных вучэбных і метадычных дапаможнікаў.
- Праблемы, якія ўзнікаюць перад вышэйшай школай у Рэспубліцы Беларусь і Расіі.
- Суадносіны англійскай і нямецкай моў у іншамоўнай адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расіі.
За 5 год беларускі і расійскі бакі супрацоўнічалі ў розных аспектах: двухбаковы ўдзел у навуковых канферэнцыях, правядзенне сумесных навуковых работ у галіне семантыкі і прагматыкі, навуковыя публікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, рэцэнзаванне дысертацый, вучэбных дапаможнікаў, зборнікаў навуковых артыкулаў і інш. Каардынацыю супрацоўніцтва паміж абедзвюма вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ажыццяўлялі – Вольга Мікалаеўна Новікава, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры замежных моў ФДБАУ ВПА “Башкірскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт” (Уфа) і Таццяна Мікалаеўна Талецкая, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры нямецкай мовы і МВЗМ, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай рабоце УА МДПУ імя І.П. Шамякіна.
Канструктыўныя зносіны ў рамках вебінара закончыліся ўзаемным рашэннем – прадоўжыць дагавор аб супрацоўніцтве на наступныя пяць гадоў.