Прысвячэнне першакурснікаў фізіка-матэматычнага факультэта ў студэнты
- Падрабязнасці
- Апублікавана 21.10.2015 08:28
19 кастрычніка на фізіка-матэматычным факультэце адбылося свята – “Прысвячэнне першакурснікаў у студэнты”. На прысвячэнні прысутнічалі выкладчыкі і студэнты фізіка-матэматычнага факультэта, супрацоўнікі выхаваўчага аддзела ўніверсітэта, прадстаўнікі іншых факультэтаў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гледачоў звярнулася дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Кавальчук І.М., якая адзначыла, што першакурснікі зрабілі правільны выбар на карысць вучобы на элітным фізіка-матэматычным факультэце.
Студэнты старэйшых курсаў фізіка-матэматычнага факультэта ва ўрачыстай тэатралізаванай форме перадавалі эстафету ведаў студэнтам першага курса. Высокі ўзровень майстэрства прадэманстравалі вядучыя – Адашкевіч Анастасія і Уладзімір Кот.
Паводле традыцыі, добрыя парады першакурснікам даў загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар В.В. Шапялевіч. Гучалі песні ў выкананні Яфрэмава А. і Калбасінай І.М. Замежныя студэнты выканалі экспрэсіўны народны танец.
Першакурснікі прадставілі свае каманды: 1 група каманду “Не трэба саромецца”, 2 група каманду “Кіфіры”. У сваім выступленні першакурснікі закранулі самыя важныя праблемы, з якімі сутыкаецца першакурснік, уліваючыся ў студэнцкую сям’ю. Гледачы з задавальненнем апладыравалі смешным сцэнкам у выкананні Кастэнка В., Процка А., Дзячэнка С., песням і танцам у выкананні Брукоўскай А., Мікалаенка А., Піваварава М., Шарая В. і многіх іншых.
Журы ў складзе Качан С.М., в.а. дырэктара студэнцкага клуба, Струкава В.В., старшыні прафкама студэнтаў, Сергіевіча М.В., дацэнта кафедры інфарматыкі і МВІ перавага была аддадзена камандзе “Кіфіры”, каманда “Не трэба саромецца” атрымала другое месца. Прафкам студэнтаў узнагародзіў усіх удзельнікаў каманд салодкімі прызамі. Кульмінацыйным момантам “Прысвячэння…” стала клятва студэнтаў 1 курса. Федзяцоў Руслан, стараста 2 групы 5 курса, уручыў першакурснікам сімвалічны ключ ведаў.
“Прысвячэнне ў студэнты…” стала не толькі змястоўным святам, але і вельмі яркім відовішчам. Арыгінальныя відэафарматы і матэрыялы прэзентацый, музыка суправаджалі кожны фрагмент выступлення. Прадуманымі і цікавымі былі элементы касцюмаў. Вялікі ўклад у арганізацыю і правядзенне ўнеслі студэнты Адашкевіч А. і Мамедаў Д. (5 курс), Яфрэмаў А. (4 курс), Дамасевіч К., Бездарогаў Д. і Кот У. (2 курс).
Галоўным падарункам для ўсіх удзельнікаў і гасцей стаў добры настрой і ўпэўненасць у тым, што факультэт быў і застаецца адзінай сям’ёй.