У гасцях у клуба ЮНЭСКА “Мы”
- Падрабязнасці
- Апублікавана 15.10.2015 10:45
13 кастрычніка прадстаўнікі студэнцкага актыва факультэта тэхналогіі Архіпава Вераніка і Бачкова Алена пад кіраўніцтвам намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце Карась С.І. наведалі справаздачнае мерапрыемства клуба ЮНЭСКА “Мы”, якое праводзілася на базе СШ № 16 г. Мазыра. Клуб ЮНЭСКА “Мы: дзіцячая тэлестудыя” пачаў сваю працу з верасня 2014 года на базе ДУА “Сярэдняя школа № 16 г. Мазыра”. Куратар і рэжысёр клуба ЮНЭСКА “Мы” – Вольга Казіміраўна Піскун, аператар клуба ЮНЭСКА – Віктар Аляксандравіч Цырулік.
Вядучай мэтай клуба з’яўляецца вывучэнне цэлага спектру тэлевізійных прафесій: журналіст, карэспандэнт, рэжысёр, аператар. У кастрычніку 2014 г. студыі быў прысвоены статус клуба ЮНЭСКА, што дало вучням магчымасць удзельнічаць у рэспубліканскіх і міжнародных праектах, сустрэчах, фестывалях. У Рэспубліцы Беларусь на 2015 год налічваецца 60 клубаў ЮНЭСКА. За год удзельнікі студыі прынялі ўдзел у трох фестывалях – у міжнародным фестывалі “Жывая вада Сяброўства” (г. Гомель) і ў рэспубліканскіх фестывалях клубаў ЮНЭСКА (г. Гродна, г. Масты). У капілцы ўжо чатыры прызавыя месцы, тры з якіх рэспубліканскага ўзроўню:
– 3-е месца ў раённым конкурсе відэаролікаў для ўдзелу ў Форуме дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “Мазыр – горад, які сябруе з дзецьмі” па тэме “Мазыр маладзёжны” (Ганчарэвіч Анастасія, 7 клас);
– 1-е месца ў Х рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер” у НДААЦ “Зубраня” (“Шлях да поспеху”, Балажынская Екацярына, 10 клас) (спасылка на сюжэт: https://www.youtube.com/watch?v=GPGEhoe128Y&feature=youtu.be);
– 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе відэаролікаў аб працы настаўніка, прысвечаным 100-годдзю БДПУ імя Максіма Танка (“Настаўнік будучыні: які ён?”, Арцямчук Ксенія, 11 клас) (спасылка на сюжэт: https://www.youtube.com/watch?v=mQz0QJeUWmY);
– 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе мультымедыйных матэрыялаў, прымеркаваных да 60-годдзя членства Беларусі ў складзе ЮНЭСКА ў намінацыі “Лепшы відэаролік” (“Беларусь у складзе ЮНЭСКА”, Вольга Піскун – куратар і рэжысёр клуба, Віктар Цырулік – аператар клуба) (спасылка на сюжэт: https://www.youtube.com/watch?v=dKWQgywL4HM).
У ходзе справаздачнага мерапрыемства дзеці расказалі пра свае дасягненні за год, прадэманстравалі свае відэаролікі, парадавалі гасцей свята яркімі музычнымі нумарамі.
Удзел студэнтаў у падобных мерапрыемствах дазваляе не толькі пашырыць свае веды пра накірункі пазакласнай работы з навучэнцамі, але і раскрывае новыя магчымасці для супрацоўніцтва з клубам ЮНЭСКА “Мы”, стварэння і рэалізацыі сумесных творчых праектаў і ідэй.