Інклюзіўная адукацыя і міжнароднае супрацоўніцтва
- Падрабязнасці
- Апублікавана 14.10.2015 11:53
На сучасным этапе адной з вядучых ідэй у адукацыйнай прасторы многіх краін з’яўляецца ідэя інклюзіўнай адукацыі, чаму прысвечаны сёння навукова-тэарэтычныя і метадычныя распрацоўкі, якія ажыццяўляюцца ў рамках міжнародных праектаў. У распрацоўцы аднаго з такіх праектаў удзельнічаюць і выкладчыкі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна побач з выкладчыкамі ВНУ іншых краін – Расійскай Федэрацыі, Украіны, Германіі, Аўстрыі, Італіі і Фінляндыі. Размова ідзе аб праекце “Падрыхтоўка і перападрыхтоўка педагогаў і кіраўнікоў адукацыі ў асяродку шматстайнасці”.
Нядаўна ў рамках прадстаўленага праекта выкладчыкі нашага ўніверсітэта І.У. Журлова (кафедра педагогікі) і Н.С. Шарынец (кафедра практычнай псіхалогіі і дэфекталогіі) прынялі ўдзел у курсах па павышэнні кваліфікацыі і канферэнцыі на тэму “Інклюзіўная адукацыя ў міжнародным параўнанні”. Мерапрыемствы праходзілі 1–9 ліпеня 2015 года на базе Венскага ўніверсітэта (Аўстрыйская Рэспубліка), што з’явілася яркай дэманстрацыяй форм эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках пытанняў, актуальных для адукацыйных сістэм еўрапейскіх краін.
У рабоце курсаў па павышэнні кваліфікацыі прымалі ўдзел выкладчыкі беларускіх (УА МДПУ імя І.П. Шамякіна і УА “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава”, ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі”), украінскіх (Бярдзянскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Інстытут сацыяльна-педагагічнай і карэкцыйнай адукацыі), расійскага (Валагодскі дзяржаўны ўніверсітэт) універсітэтаў.
Работа ў рамках курсаў атрымалася вельмі насычанай і цікавай, паколькі праходзіла ў розных формах. Аўстрыйскія калегі прапанавалі ўдзельнікам даклады, змест якіх раскрываў розныя аспекты праблемы інклюзіўнай адукацыі, а іменна: “Выкладанне знутры і інклюзія” (Judith't Gilde, Msc), «Разнастайнасць і інклюзія» (Prof. Mag. Dr. Eva Vetter), «Новая праграма для інклюзіі ў Аўстрыі, падрыхтоўка выкладчыкаў» (Univ.-Prof. Dr. Gottfried Biewer), «Прыняцце да ўвагі глухіх навучэнцаў ва ўніверсітэце» (Mag. Eva Theresa Böhm). У працэсе абмеркавання пытанняў выкарыстоўваліся такія формы работы як дыскусія, воркшоп, інфарм-дайджэст, інтэрактыўная гутарка і інш.
Удзельнікі курсаў прапанавалі сваё бачанне вырашэння праблемы інклюзіі ў адукацыйным працэсе розных тыпалагічных груп навучэнцаў: дзяцей мігрантаў і бежанцаў, якія адрозніваюцца культурай, рэлігійным светапоглядам, менталітэтам; дзяцей з рознымі магчымасцямі і абмежаваннямі здароўя, дзяцей адораных, якія дэманструюць выдатныя інтэлектуальныя і творчыя здольнасці; дзяцей з рознымі праявамі сацыяльнай неўладкаванасці. У выніку курсантамі была выпрацавана мадэль інклюзіўнай адукацыі, якая адлюстроўвала ўсе суб’екты адукацыйнага працэсу ва ўмовах шматстайнасці, а таксама шляхі арганізацыі інклюзіўнай адукацыі на аснове менеджмента гетэрагеннага асяродку.
Абмеркаванне праблем інклюзіўнай адукацыі было працягнута далей у межах трохдзённай канферэнцыі, дзе да ўдзельнікаў курсаў далучыліся калегі з Венскага ўніверсітэта (Аўстрыя), з Фондавага ўніверсітэта г. Хільдэсхайм (Германія), з Санкт-Пецярбургскай акадэміі постдыпломнай педагагічнай адукацыі, з Наўгародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Яраслава Мудрага (Расія), Хмяльніцкага нацыянальнага ўніверсітэта (Украіна) і іншых ВНУ.
Увазе ўдзельнікаў у першы дзень канферэнцыі былі прапанаваны даклады, падрыхтаваныя прадстаўнікамі розных універсітэтаў з усіх названых вышэй краін. Аўстрыйскія і нямецкія вучоныя раскрылі ў сваіх выступленнях наступныя праблемы: “Інклюзіўная адукацыя ў міжнародным параўнанні і ў Аўстрыі” (Univ.-Prof. Dr. Gottfried Biewer), «Межы інклюзіўнай адукацыі ва ўсходняй Еўропе – вопыт апошніх 30 гадоў» (Prof. Dr. Olga Graumann).
Таксама былі прадстаўлены даклады з Расійскай Федэрацыі, Украіны і Рэспублікі Беларусь па тэме развіцця інклюзіўнай адукацыі: “Інклюзія дзяцей з міграцыйным фонам. Вопыт работы Санкт-Пецярбурга” (дак. Вольга Даутава), «Асаблівасці дыстанцыйнага навучання гетэрагенных груп у Хмяльніцкім Нацыянальным універсітэце» (дак. Валянціна Стаднік), «Інклюзіўная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: стан, праблемы, перспектывы» (дак. Святлана Лауткіна, Віцебск).
Другі дзень канферэнцыі быў не менш насычаным. Перад удзельнікамі канферэнцыі выступалі калегі з Венскага ўніверсітэта, якія ў сваіх дакладах дзяліліся вопытам работы з прадстаўнікамі гетэрагенных груп. У дакладзе “Індэксы і паказчыкі для інклюзіі” (Judith't Gilde, Msc) былі раскрыты вядучыя каштоўнасці адукацыйнай сістэмы ў асяродку шматстайнасці і прадстаўлены ступені арганізацыі інклюзіўнай адукацыі ў Аўстрыі. У паведамленні “Інклюзіўныя структуры пры пераходзе са школы ў працоўную дзейнасць” (Prof. Dr. Helga Fasching) быў раскрыты вопыт работы спецыялістаў аўстрыйскіх сацыяльных служб па падтрымцы людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя ў атрыманні першай прафесіі альбо прафесійнай перакваліфікацыі, а затым у іх далейшым працаўладкаванні і сацыяльна-псіхалагічным суправаджэнні ў перыяд працоўнай дзейнасці. У дакладзе “Інклюзія ў Венскіх школах” (Dr. Sandra Schütz) быў прадстаўлены вопыт укаранення арыгінальнай мадэлі інклюзіўнай адукацыі на канкрэтных прыкладах школ г. Вены, а таксама шляхі ўключэння студэнтаў – будучых настаўнікаў – ва ўзаемадзеянне з навучэнцамі розных тыпалагічных груп ва ўмовах школы ў перыяд іх вытворчай практыкі.
Шэраг пытанняў, прадстаўленых у рамках дакладаў на канферэнцыі, выклікаў яркую рэакцыю ўдзельнікаў і наступнае іх бурнае абмеркаванне падчас запланаваных паміж дакладамі дыскусій, паколькі назіраецца розніца ў адукацыйных сістэмах краін, звязаная з падрыхтоўкай педагогаў да работы з гетэрагеннымі групамі. Так, у прыватнасці такую рэакцыю выклікала выступленне калег з Вены, у якім былі прадстаўлены новыя рэфарматарскія падыходы да падрыхтоўкі педагогаў ва ўніверсітэтах у Аўстрыі, на аснове якіх прынята рашэнне спыніць падрыхтоўку педагогаў-дэфектолагаў (апошні выпуск будзе ў 2017 г.), а ў план падрыхтоўкі педагогаў розных спецыяльнасцей унесці дысцыпліны, змест якіх адлюстроўвае шматстайнасць адукацыйнага асяродку і сутнасныя характарыстыкі інклюзіўнай школы. Аднак, нягледзячы на спрэчныя пытанні, супрацоўніцтва ўдзельнікаў канферэнцыі ажыццяўлялася вельмі канструктыўна.
Трэці дзень канферэнцыі быў прысвечаны знаёмству са школьнай практыкай у рамках інклюзіўнай адукацыі – удзельнікі канферэнцыі наведалі школу ў сельскай мясцовасці недалёка ад Вены (Wiener Neudorf) і пазнаёміліся з вопытам работы педагогаў з рознымі тыпалагічнымі групамі навучэнцаў.
У цэлым, і курсы па павышэнні кваліфікацыі, і канферэнцыя дазволілі вучоным розных краін дасягнуць узаемаразумення ў пытаннях арганізацыі асяродку шматстайнасці і падрыхтоўкі педагогаў да работы з гетэрагеннымі групамі выхаванцаў.