Дзень самакіравання на філалагічным
- Падрабязнасці
- Апублікавана 07.10.2015 16:51
1-2 кастрычніка 2015 года на філалагічным факультэце прайшоў незвычайны дзень – дзень студэнцкага самакіравання. Гэта добрая асенняя традыцыя напярэдадні Дня настаўніка існуе ўжо не першы год. Гэты год не стаў выключэннем. На мерапрыемстве прысутнічалі дэкан факультэта Л.В. Ісмайлава, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце І.Л. Судзібор, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце М.Г. Лобан, начальнік аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю С.В. Мацвеева, найбольш актыўныя студэнты факультэта.
Права заняць месца адміністрацыі і выкладчыкаў было прадастаўлена творчай студэнцкай моладзі факультэта. Студэнты адказна паставіліся да даверанага ім мерапрыемства, блізка дакрануўшыся да работы педагагічнага калектыву на ўсіх яго ўзроўнях. Удзел у дзейнасці органаў самакіравання дазваляе студэнтам за гады вучобы ў ВНУ набыць вопыт творчага ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі, вырашэння рэальных педагагічных задач і праблем, садзейнічае фарміраванню прафесійных кампетэнцый, умення пераконваць, прытрымлівацца свайго пункту погляду.
Абавязкі дэкана былі ўскладзены ў гэты дзень на В.І. Гарбачука, студэнта 5 курса (вучэбны корпус № 1) і А. Воднева, студэнта 3 курса (вучэбны корпус № 3). Абавязкі намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце выконвала К. Кунгер, па вучэбнай – А. Шаўрэй, па фізічным выхаванні і спорце – А. Макееў, па навуковай рабоце – В. Вежнавец. На працягу дня студэнты праяўлялі свае арганізатарскія і творчыя здольнасці, актыўна працавалі ў якасці адміністрацыі факультэта, выкладчыкаў, карэспандэнтаў і г.д.
Дзень самакіравання пачаўся з круглага стала “Студэнцкае самакіраванне ў сістэме вучэбна-выхаваўчага працэсу факультэта”, дзе былі агучаны асноўныя мэты і задачы мерапрыемства. У ходзе адкрытага дыялога студэнты абмеркавалі пытанні развіцця студэнцкага самакіравання на факультэце і ва ўніверсітэце, асноўныя накірункі маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь.
З энтузіязмам студэнты факультэта паўдзельнічалі ў віншавальнай акцыі “Настаўнікамі славіцца наша краіна” (адк. Ранда І., Сілінец В.). Сумесна з прафкамам студэнтаў універсітэта віншаванні атрымалі ветэраны педагагічнай працы: Жураўская Л.В., Сідарэц В.С., Нуждзіна Т.С., Маслоўскі З.С., Малюк А.К., Кацапаў Л.А., Шчур Т.М., Нікіціна Т.А. З непрыхаванай радасцю студэнты яшчэ за тыдзень да мерапрыемства ўзяліся за падрыхтоўку творчага праекта “Моладзь – будучыня краіны” (адк. Карпава К.) і справіліся з ім на “выдатна”. Значную цікавасць сярод выкладчыкаў выклікала бліц-інтэрв’ю “Сапраўдны настаўнік – гэта…” (адк. Гарбачук В., Грыгаран Д.). І, бясспрэчна, мы не забыліся на першакурснікаў. Спецыяльна для іх былі падрыхтаваны інфа-сесія “Выбірай жыццё” (адк. Латышаў К.) і віктарына “Беларусь – мая радзіма” (адк. Шырко Г.). На факультэце была праведзена маладзёжная акцыя “Наш філфак – наш выбар” (адк. Кунгер К., Хадунькова Ю.). Будучыя педагогі, як ніхто іншы, павінны прымаць удзел у валанцёрскіх праектах. Выказваем асаблівую ўдзячнасць за ўклад у такую патрэбную і карысную справу, як праект “Святло дабрыні: дапамога дзецям з ОПФР”.
У рамках дня самакіравання быў праведзены і конкурс дзелавога касцюма “Стылягі філфака” (адк. Уласенка К., Гудзінаў М.), пераможцамі якога сталі Макееў Аляксей і Тараеў Алішэр.
На працягу дня самакіравання працаваў студэнцкі прэс-цэнтр, у якім аператыўна апрацоўваліся ўсе інфармацыйныя і прэзентацыйныя матэрыялы, быў выпушчаны “Дзённік самакіравання – 2015”.
Дзень студэнцкага самакіравання на філфаку прайшоў паспяхова. Ён паказаў, што ў студэнтаў ёсць здольнасці і магчымасці для асабовага і прафесійнага развіцця, дапамог усвядоміць неабходнасць мець адказную грамадзянскую пазіцыю.
Дням студэнцкага самакіравання – да!