Студэнцкае самакіраванне: вопыт і перспектывы развіцця
- Падрабязнасці
- Апублікавана 01.10.2015 15:31
У Беларускім дзяржаўным універсітэце 28–29 верасня 2015 года адбылася І Міжнародная канферэнцыя “Студэнцкае самакіраванне: вопыт і перспектывы развіцця”. Мерапрыемства было накіравана на развіццё студэнцкага самакіравання, міжнароднага супрацоўніцтва моладзі і ўмацаванне сяброўскіх адносінаў паміж моладдзю Беларусі і іншых краін. Удзельнікамі форума стала звыш 120 студэнтаў-актывістаў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Грузіі. На канферэнцыі наш універсітэт прадстаўлялі: Вікторыя Корзун, старшыня студэнцкага самакіравання ўніверсітэта, студэнтка факультэта дашкольнай і пачатковай адукацыі, Ілона Сініцкая, член студэнцкага самакіравання ўніверсітэта, студэнтка філалагічнага факультэта.
У рамках канферэнцыі адбылося пленарнае пасяджэнне, дзе былі разгледжаны пытанні, якія датычыліся рэалізацыі асноўных накірункаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Беларусі, развіцця сістэмы студэнцкага самакіравання ў айчынных установах вышэйшай адукацыі, творчай самарэалізацыі маладзёжнага лідэра ва ўмовах студэнцкага самакіравання і інш.
Удзельнікі форума падрыхтавалі даклады, з якімі выступілі на чатырох секцыях:
– “Студэнцкае самакіраванне ў адукацыйнай прасторы ўстановы вышэйшай адукацыі: кіраванне, якасць, развіццё”;
– “Інавацыйныя формы работы студэнцкага самакіравання”;
– “Студэнцкае самакіраванне ў інфармацыйнай прасторы”;
– “Лідэр студэнцкага самакіравання”.
У заключны дзень работы форума, 29 верасня, актывісты разгледзелі і абмеркавалі праект канцэпцыі студэнцкага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь. У фармаце “адкрытага дыялогу” адбылася сустрэча з Міністрам адукацыі нашай краіны Міхаілам Анатольевічам Жураўковым.
Ініцыятарам канферэнцыі выступіў Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет пры Міністры адукацыі. Арганізатарамі – Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы і названы савет.
Вікторыя Корзун,
старшыня студэнцкага самакіравання універсітэта