Адкрытыя дэбаты “ВЫБІРАЙ.BY”
- Падрабязнасці
- Апублікавана 10.09.2015 17:26
У Мазыры стартаваў раённы этап рэспубліканскага праекту моладзі “Адкрытыя дэбаты «Выбірай.by», які быў ініцыіраваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Мэта дэбатаў – даць магчымасць маладым людзям заявіць пра сваю жыццёвую пазіцыю, асэнсаваць ролю руху моладзі ў развіцці краіны, у фарміраванні новага светапогляду новага пакалення.
Дэбаты прайшлі 9 верасня на базе ДУА “Гімназія імя Я. Купалы”, дзе прынялі ўдзел 4 каманды: каманда “Гімназія імя Я. Купалы”, каманда “Мазырскі абласны ліцэй”, каманда “Мазырскі дзяржаўны прафесійны каледж” і каманда “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна”.
Удзельнікі вялі дыскусію аб сучасных тэхналогіях, аб двухмоўі, аб матэрыяльных стымулах. Акрамя пытанняў тэарэтычнай часткі, неаднаразова гучалі пытанні, адказваючы на якія, удзельнікам даводзілася самім прапаноўваць новыя формы, мадэляваць розныя сітуацыі. Адказы былі глыбокімі і змястоўнымі. У ходзе дэбатаў гучалі вельмі крэатыўныя думкі і нараджаліся прапановы.
Усе ўдзельнікі прадэманстравалі ўменне граматна прытрымлівацца свайго пункту погляду, карыстаючыся аргументамі, правільна і дакладна будаваць сваё маўленне. Дыскусія атрымалася дастаткова “гарачай”, а галоўнае, цікавай і карыснай. Невыпадкова адзін з прадстаўнікоў групы экспертаў выказаў сваю думку аб тым, што такіх мерапрыемстваў павінна быць больш.
Перамогу ў “Адкрытых дэбатах «Выбірай.by» атрымала каманда “Гімназія імя Я. Купалы”. Усе ўдзельнікі мерапрыемства былі ўзнагароджаны граматамі і сувенірамі, які былі прадастаўлены Мазырскім РК ГА “БРСМ”.