Купалаўскія чытанні: педагог–настаўнік–вучань
- Падрабязнасці
- Апублікавана 25.02.2014 18:29
22 лютага УА “Гімназія №
У свяце прымалі ўдзел выкладчыкі і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта (Нуждзіна Т.С., дацэнт кафедры літаратуры; Шаўчэнка М.М., дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства; Юдзянкова Г.В., спецыяліст аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю), якія працавалі ў складзе журы разнастайных конкурсаў, праведзеных у рамках урачыстага мерапрыемства. Прадстаўнікі УА МДПУ імя І.П. Шамякіна адзначылі значнасць прафесіі настаўніка для сучаснага грамадства, а таксама пазнаёмілі вучняў выпускных класаў са спецыяльнасцямі, на якія будзе ажыццяўляцца набор у 2014 годзе.
Атмасфера сапраўднага свята, зычлівай гасціннасці і зладжанай дзелавітасці панавала ва ўсім. Гэта і шчырыя ўсмешкі гімназістаў, гаспадароў свята, іх сардэчныя запросіны ў актавую залу, і густоўна аформленая выстава твораў беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў, і ўрачыстае адкрыццё Купалаўскіх чытанняў.
Пранікнёна, кранальна гучалі словы вядучых пра беларускую мову і нацыянальны характар. Народна-песенны склад лірыкі вялікага Купалы выдатна раскрылі вершы паэта, якія, дзякуючы таленту І. Лучанка, У. Мулявіна, набылі сваё доўгае музычнае жыццё.
Купалаўскія чытанні прадугледжвалі работу наступных секцый і конкурсаў:
1. “Моўныя скарбы Беларусі” (вучэбна-даследчыя работы: мовазнаўства, літаратура);
2. “Мой творчы радок” (вучнёўскія сачыненні, апавяданні, эсэ, вершы на тэму “Шчырасцю гасцінны беларус”);
3. “Святыня народа” (конкурс чытальнікаў вершаў ці празаічных урыўкаў з твораў беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў 2014 года);
4. Конкурс малюнкаў на тэму “Гасціннасць – рыса нацыянальнага характару беларусаў”.
Правядзенне падобных літаратурных мерапрыемстваў заслугоўвае асобай увагі, паколькі садзейнічае фарміраванню грамадзянскай свядомасці і эстэтычных густаў вучняў агульнаадукацыйных школ, наладжванню творчых і навуковых сувязей паміж установамі адукацыі Палескага рэгіёна. Хацелася б выказаць словы ўдзячнасці арганізатарам Купалаўскіх чытанняў і ўсім, хто браў у іх непасрэдны ўдзел.
Спадзяемся, што творчае супрацоўніцтва паміж гімназіяй № 1 і УА “МДПУ імя І.П. Шамякіна” будзе плённа працягвацца.