Алімпіяда! Алімпіяда!

Алімпіяда! Алімпіяда!

medaliГрандыёзная падзея міжнароднага ўзроўню захапіла вядучыя ВНУ нашай рэспублікі. 22 сакавіка 2013 г. гасцінны Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны ўжо ў другі раз сабраў пад сваім дахам міжуніверсітэцкую алімпіяду па асновах педагогікі і псіхалогіі «Маральнасць. Асоба. Соцыум». Адзінаццаць каманд з ВНУ Беларусі і Расіі з'явіліся ўдзельнікамі гэтай унікальнай маштабнай падзеі.

Каманда Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна годна прадставіла нашу ВНУ на міжнародным узроўні і стала сярэбраным прызёрам алімпіяды, толькі з невялікім адрывам саступіўшы перамогу гаспадарам.

У падрыхтоўцы студэнтаў да алімпіяды прымалі ўдзел выкладчыкі кафедры псіхалогіі і кафедры практычнай псіхалогіі і дэфекталогіі, якія ў працэсе работы прадэманстравалі не толькі прафесійныя, але і творчыя здольнасці. Так, спецыяльна для конкурсу «Візітка каманды» асістэнтам кафедры псіхалогіі Мураўёвай Аксанай Сяргееўнай была складзена п'еса ў вершаванай форме, па-майстэрску ўвасобленая на сцэне студэнтамі Ярашам Валянцінам (факультэт тэхналогіі), Астрэйка Наталляй, Турцэвічам Дзмітрыем (фізіка-матэматычны факультэт), Самойленка Марыяй, Струкавым Яўгенам (філалагічны факультэт), Сілівончык Кацярынай (факультэт ДіПА), што было адзначана граматай у намінацыях «Педагагічны тэатр», «Псіхолага-педагагічная паэтыка» і прынесла перамогу камандзе ў конкурсе хатняга задання.

Каманда нашага ўніверсітэта бліскуча справілася з рашэннем творчых задач, дзякуючы рабоце асістэнта кафедры практычнай псіхалогіі і дэфекталогіі Вітоўскай Галіны Мікалаеўны, і была адзначана граматай у намінацыі “Глыбіня бачання сябе ў прафесіі”, а таксама атрымала перамогу ў творчым конкурсе. Добрым вынікам у тэарэтычным туры паспрыялі асістэнт кафедры псіхалогіі Зубрыцкая Анжэла Анатольеўна і старшы выкладчык кафедры практычнай псіхалогіі і дэфекталогіі Сцельчанка Ірына Дзмітрыеўна.

Талент, камандны дух, дапамога кіраўніцтва і адміністрацыі ВНУ з'явіліся асновай паспяховага выступлення нашай каманды на алімпіядзе. Так, мы ўжо ў ліку пераможцаў. Так, мы дасягнулі высокага выніку, але перад намі шырокія далягляды і выразныя перспектывы – мы здольныя на большае і галоўныя перамогі ў нас наперадзе.  

Дадатковая інфармацыя