«Рабі дабро!»
- Падрабязнасці
- Апублікавана 14.03.2013 09:19
13 сакавіка адбылася сустрэча студэнцкага актыву ўніверсітэта са старшынёй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа А.М. Марыненка і членам Абласнога Савета Валанцёраў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа педагогам сацыяльным К.С. Біруль.
На мерапрыемстве таксама прысутнічалі: начальнік аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю А.С. Астрэйка, сакратар БТЧК універсітэта К.І. Лазарэнка, метадысты АВР С.А. Міхневіч, Г.В. Юдзянкова, намеснікі дэканаў факультэтаў па выхаваўчай працы.
На сустрэчы А.М. Марыненка распавяла, што сабой уяўляе арганізацыя БТЧК, чым займаецца, якімі прынцыпамі кіруецца ў сваёй рабоце і чаму дзейнасць валанцёраў з'яўляецца важнай для Чырвонага Крыжа і сучаснага грамадства, а таксама аб чаканнях БТЧК ад валанцёраў. У сваім выступленні Алена Мікалаеўна таксама распавяла, якую падтрымку валанцёры могуць атрымаць ад Чырвонага Крыжа.
Валанцёрства – гэта цікавы рух, які дапамагае чалавеку падняцца над уласнымі праблемамі і ўбачыць беды і клопаты іншых людзей, а галоўнае шчодра дарыць усім радасць, надзею і душэўную цеплыню. У аснове валанцёрскага руху ляжыць стары як свет прынцып: хочаш адчуць сябе чалавекам – дапамажы іншаму. На базе СППС УА МДПУ імя І.П. Шамякіна створаны валанцёрскі атрад «Рабі дабро».
Дзейнасць валанцёрскага атрада ўніверсітэта развіваецца ў некалькіх кірунках:
- курыраванне і гаспадарчая дапамога пенсіянерам і ветэранам ВАВ;
- акцыі міласэрнасці, якія праводзяцца ў Дзіцячым дашкольнай доме, Цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей, дзяцей-інвалідаў «Вясёлка», Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Дзіцячай гарадской бальніцы, Аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў МТЦСОН;
- распрацоўка і правядзенне мерапрыемстваў па прапагандзе здаровага ладу жыцця і прафілактыцы негатыўных сацыяльных з'яў у маладзёжным асяроддзі;
- арганізацыя мерапрыемстваў і ўдзел у акцыях экалагічнай накіраванасці.
Будзем спадзявацца, што пасля гэтай сустрэчы рады валанцёраў БТЧК папоўняцца!