ПРЫВІТАННЕ Ў МАЗЫР ДА ЮБІЛЕЮ ІВАНА ШАМЯКІНА

ПРЫВІТАННЕ Ў МАЗЫР ДА ЮБІЛЕЮ ІВАНА ШАМЯКІНА

         А я хацела б звярнуць увагу і на іншыя бакі яго дзейнасці, якія закраналіся, але ўсё ж глыбока не вывучаны.

         У юбілейныя шамякінскія дні некаторыя выступоўцы, нават журналісты, натуральна, знаёміліся з біяграфіяй пісьменніка і звярнулі ўвагу на тое, што ў савецкія часы на працягу васьмі гадоў ён з’яўляўся старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. На гэтай падставе зроблена выснова, што Шамякін кіраваў дзяржавай, быў высокім чыноўнікам. Гэта памылка з-за няведання савецкіх рэалій. Высокі чыноўнік, важная асоба – Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета – пасада, аналагічная спікеру парламента, трэцяя ў дзяржаве. А Шамякін – проста старшыня. Гучыць як быццам статусна і прыгожа, а на самай справе ён з’яўляўся прадстаўніком ва ўладных структурах ад грамадзянскай супольнасці і да чыноўніцтва не меў адносін. У Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета не было часу сустракацца з простымі людзьмі і браць на сябе іх праблемы. Гэта быў абавязак Шамякіна. Ён уважліва выслухоўваў кожнага з наведвальнікаў, часта вельмі няшчасных людзей, і ўсім дапамагаў – ведаў, куды звярнуцца, да якіх чыноўнікаў і арганізацый. А яго вельмі паважалі ў рэспубліцы і таму заўсёды адгукаліся на просьбы. Акрамя таго, у яго распараджэнні быў некаторы грашовы фонд, з якога ён чэрпаў сродкі для дапамогі людзям, напрыклад, інвалідам.

         Вось такі быў у Шамякіна важны грамадскі абавязак. Людзей да яго ішло шмат, часам прыходзілі і да нас на кватэру. Ён браў на сябе няшчасці, патрэбы беларусаў, спачуваючы ім ад усяго сэрца – перажываў за кожнага. Такі чалавек.

         Былі ў яго і іншыя грамадскія абавязкі. Не раз як дэпутат ён наведваў рэгіён, які пацярпеў ад Чарнобыльскай АЭС. А тут на яго абрынулася проста мора чалавечай бяды.

         Доўгі час ён узначальваў камітэт абаронцаў міру. Таксама велізарная работа.

         Яшчэ адзін аспект дзейнасці Шамякіна – рэдактарскі. На працягу дзесяці гадоў (у 1980-я гг.) ён з’яўляўся галоўным рэдактарам Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі. За гэты перыяд пад кіраўніцтвам Івана Пятровіча выйшлі ўнікальныя выданні. Назаву толькі некаторыя: Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў 7 тт., Энцыклапедыя Прыроды Беларусі ў 5 тт. (і да сённяшняга часу аналагічнай няма ў свеце), Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва Беларусі ў 5 тт., энцыклапедыі “Ф. Скарына і яго час”, “Янка Купала”. “Этнаграфія Беларусі”, “Беларусь ў Вялікай Айчыннай вайне”, “Кніга Беларусі”, “Энциклопедия молодой семьи” і “Культура питания” выйшлі на рускай мове.

Выдадзены і факсімільныя выданні, знакавыя для нашай культуры: Біблія Ф. Скарыны ў 3-х тт., Статут Вялікага Княства Літоўскага, Слоўнік беларускай мовы І. Насовіча, які быў складзены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

Пры Шамякіне распачата серыя гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі “Памяць”. Выйшла больш за 50 тамоў.

Прычым Шамякін працаваў у намнога горшых умовах, чым яго папярэднік П. Броўка, бо ў жывых ужо не было Пятра Міронавіча Машэрава, чалавека шырокага кругагляду, які ўважліва ставіўся да самага галоўнага навуковага рэспубліканскага выдавецтва і заўсёды яму дапамагаў. Новыя кіраўнікі краіны фінансавалі намнога больш ашчадна.

Пачаўся ўжо і кніжны дэфіцыт. І тут Шамякін выявіў выдатныя якасці менеджара. Ён выдаваў папулярныя ў масавага чытача кнігі, якую-небудзь “Каралеву Марго”, каб зарабіць грошы на сур’ёзныя выданні. Хто яшчэ з пісьменнікаў займаўся такой велізарнай навуковай і арганізацыйнай працай?

У далейшым, пасля І. Шамякіна, выйшлі іншыя энцыклапедыі, у якіх па сутнасці асветлены ўсе сферы жыцця краіны, распрацаваны розныя галіны ведаў. Але неабходна мець на ўвазе, што шмат якія з энцыклапедый другасныя, аснова іх закладвалася пры Шамякіне і па яго ініцыятыве, і многае пасля запазычвалася. Безумоўна, улічваліся навейшыя навуковыя дасягненні. Скажам, Іван Пятровіч выдаў энцыклапедыю “Купала” ў адным томе, а апошнім часам выйшлі ўжо тры тамы. Натуральна, за гэты перыяд нашы веды пра класіка значна ўзбагаціліся.

Іван Шамякін – і выдатны педагог. Ён вучыўся ў Гомельскім педагагічным інстытуце (цяпер універсітэце), выкладаў нямецкую мову і гісторыю ў вясковай школе. Але галоўнае – ён выхоўваў сваіх чытачоў. І тое, што беларусаў паважаюць у свеце, лічаць ледзь не самымі рахманымі, міралюбівымі, працалюбівымі, можна аднесці да выхаваўчага ўздзеяння нашых пісьменнікаў, у тым ліку І. Шамякіна, які цудоўна ўмеў паказваць добрых людзей, іх прыгожыя пачуцці і ўчынкі, даючы выдатныя прыклады. Прытым, што бачыў і супярэчнасці ў грамадстве, выкрываў недахопы.

Нарэшце, ён выхаваў аматараў кнігі, філолагаў ва ўласнай сям’і: жонку, якая скончыла філфак, атрымаўшы дыплом з адзнакай, і заўсёды дапамагала Івану Пятровічу як сакратар – усе сябры яму ў гэтым плане зайздросцілі. Філолагі тры дачкі, дзве ўнучкі, адзін з зяцёў. Нашы бацькі здолелі стварыць у сям’і сяброўскую, любоўную, творчую асмасферу. Цэментавалі яны і ўвесь вялікі клан родзічаў. На вялікі жаль, былі і ў нашай сям’і і цяжкія страты…

З вышыні часу відаць, колькі было дасягнута Шамякіным.

Характэрны, скажам, такі факт: з усіх беларускіх пісьменнікаў яго кнігі ў найбольшай колькасці выдавалі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Фактычна там пераклалі ўсе раманы і аповесці Шамякіна. Усходнія людзі мудрыя – ён нездарма іх зацікавіў, нездарма яго там любілі. Відаць, ім імпанавала нешта такое, выяўленае ў Шамякіна, што аб’ядноўвала нашы краіны. Шамякін быў таксама шырока вядомы ў рэспубліках СССР і ў краінах Еўропы, яго творы перакладзены на дзясяткі моў.

Іван Пятровіч – прыклад пісьменніка, чалавечая асоба якога поўнасцю адпавядала таму, што ён прапаведаваў у сваіх творах (на жаль, гэта далёка не ва ўсіх аўтараў супадае). Вечны працаўнік, мудры дарадца, выключна добразычлівы да людзей, якім шмат дапамагаў. 26 гадоў ён з’яўляўся сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, і тыя з творцаў, хто помніць гэтыя гады, нязменна сведчаць пра залаты час арганізацыі, калі ёю кіраваў Шамякін…

Яшчэ раз мая самая шчырая падзяка кіраўнікам універсітэта, факультэта, кафедры за пастаянную ўвагу да жыцця і творчасці І. Шамякіна, а таксама вітанне ўсім удзельнікам мерапрыемстваў. Усім вам моцнага здароўя і творчых поспехаў! Добрага плёну ў вашай высакароднай працы выхавання нашай моладзі! І самым маладым – у добры шлях!

 

 

Дадатковая інфармацыя