«Педагог. Ученый. Личность»: Болбас Валерий Сергеевич, доктор педагогических наук, профессор

«Педагог. Ученый. Личность»: Болбас Валерий Сергеевич, доктор педагогических наук, профессор

4 лістапада ва ўтульнай зале Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта сабраліся педагогі, студэнты, супрацоўнікі. Калегі прыйшлі павіншаваць Валерыя Сяргеевіча Болбаса, вядомага вучонага, доктара педагагічных навук, прафесара, з узнагародай –медалём Францыска Скарыны.

Подробнее

Гэта высокая ўзнагарода прысвойваецца за шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні ў развіцці навукі і адукацыі, падрыхтоўку высокакваліфікаваных навукова-педагагічных кадраў, значны асабісты ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа.

У цёплай нязмушанай абстаноўцы прафесар падрабязна расказваў аб сваім вопыце ўдзелу ў міжнародных і нацыянальных канферэнцыях, працы ў міжнародных праектах і даследаваннях.

Студэнты задавалі розныя пытанні: “Самастойна вы абралі прафесію педагога ці хтосьці паўплываў на ваш выбар?”; “З чым быў звязаны выбар тэмы навуковага даследавання?”; “Якое пытанне вы задалі б любому навукоўцу любой эпохі?”. Цікавіліся і тым, якая яшчэ ёсць мара, што можна параіць маладым вучоным для паспяховай абароны дысертацыі.

Падчас сустрэчы Валерый Сяргеевіч адказаў на ўсе пытанні, падзяліўся са студэнтамі дэталямі свайго навуковага шляху, расказаў аб тым, што важна не толькі матывацыя да вывучэння новага, але і падтрымка з боку сям’і.

Болбас В. С. працуе ва ўніверсітэце з 1995 г. дацэнтам, загадчыкам кафедры педагогікі, прарэктарам па навуковай рабоце, прарэктарам па вучэбнай рабоце, першым прарэктарам, з 2016 г. – прафесарам кафедры педагогікі і псіхалогіі. У 2016 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, у 2018 годзе атрымаў вучонае званне прафесара.

Болбас В. С.– вядомы ў краіне і за яе межамі гісторык педагогікі і даследчык этнічнай педагогікі. Аўтар больш 230 навуковых прац, у тым ліку дзесяці манаграфій, чатыры з якіх падрыхтаваны аднаасобна.

Істотны ўклад уносіць В.С.Болбас у падрыхтоўку навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавалі і паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі па гісторыі педагагічнай думкі Беларусі тры выкладчыкі ўніверсітэта. Валерый Сяргеевіч узначальвае навуковую школу, якая распрацоўвае праблемы этнічнай педагогікі беларусаў.

Болбас В. С. шмат увагі надае дапамозе навукоўцам у падрыхтоўцы і прадстаўленні на абмеркаванне навуковай грамадскасці вынікаў іх даследчай дзейнасці. Ён з’яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара навуковага часопіса ”Веснік Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна“, а таксама членам рэдакцыйнага савета і рэдакцыйных калегій трох навуковых часопісаў Расійскай Федэрацыі.

На працягу апошніх гадоў прымае актыўны ўдзел у выкананні праграм навуковых даследаванняў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, а таксама гаспадарчых дагавораў з асобнымі арганізацыямі, аддзеламі адукацыі.

Вучэбныя і навукова-метадычныя дапаможнікі, падрыхтаваныя па выніках гэтых даследаванняў, два з якіх маюць грыфы Навукова-метадычнага цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскага вучэбна-метадычнага аб’ядання па педагагічнай адукацыі, актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе навучальных устаноў краіны. У сучасны момант прафесар В.С.Болбас узначальвае навуковы калектыў, які выконвае заданне Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2021–2025 ”Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы“ па выхаванні моладзі на этнакультурных традыцыях беларускага народа. Да навукова-даследчай дзейнасці актыўна падключаюцца студэнты. Пад яго кіраўніцтвам кожны год навучэнцамі абараняюцца дыпломныя работы і магістарскія дысертацыі.

Гэта неверагодны талент і праца выкладчыка – навучыць студэнта разумець і бачыць свой прафесійны шлях, успрымаць свет праз прызму ўласнага светапогляду і ажыццяўляць свае творчыя ідэі, якія будуць ацэнены па заслугах.

Спадзяемся, што асабісты досвед прафесара Болбаса В. С. дасць імпульс студэнтам больш паглыбляцца ў навуковую актыўнасць і бачыць у гэтым прывабныя перспектывы.

 

Дополнительная информация