Міжнародны дзень роднай мовы
- Подробности
- Опубликовано 23.02.2016 07:48
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА. З прапановай увесці такі дзень выступіў Бангладэш, дзе 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, загінулі пяць студэнтаў. Трэба адзначыць, што сярод 25 суаўтараў рэзалюцыі ЮНЕСКА аб гэтым свяце была і Беларусь.
Сёння у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.
Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, якая завецца роднай і на якой размаўлялі нашы продкі.
Няхай сёння родная мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Сярод якіх, на жаль, знаходзіцца і наша мова.
Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.