ЧАЛАВЕК. ГРАМАДЗЯНІН. ПІСЬМЕННІК
- Подробности
- Опубликовано 30.01.2013 06:08
30 студзеня 2013 года І. П.Шамякіну, народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўных і Літаратурных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, Ганароваму акадэміку НАН Беларусі, класіку нацыянальнай літаратуры, чыё імя з гонарам носіць УА “МДПУ імя І.П. Шамякіна”, споўнілася б 92 гады.
Дзейнасць І.П.Шамякіна-пісьменніка атрымала прызнанне ва ўсім свеце дзякуючы мастацкаму адлюстраванню ў яго творах подзвігу беларускага народа ў мірны час і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гуманістычнаму пафасу яго раманаў, аповесцей, апавяданняў, якія прасякнуты клопатам пра чалавека і шчырай верай у яго будучае.
Будучае беларускага народа пісьменнік і педагог звязваў найперш з маладым пакаленнем. Ствараючы свае глыбока гуманістычныя мастацкія тэксты і адрасуючы іх у першую чаргу моладзі, ён шчыра клапаціўся пра яе актыўную грамадзянскую пазіцыю, высокую маральна-этычную культуру, жывы і зацікаўлены ўдзел у стваральнай працы. Таму выхаваўчы патэнцыял творчай спадчыны І.П.Шамякіна сапраўды невычарпальны. Сучасныя чытачы з жывым інтарэсам і ўважлівасцю паглыбляюцца ў мастацкі свет яго твораў, ужо ў назвах якіх адчуваецца клопат пісьменніка пра лёс асобнага чалавека і грамадства ўвогуле: “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”, “Злая зорка”, “Палеская мадонна”, “Пакаянне” і інш.
Творчасць І.П. Шамякіна стала аб’ектам навуковага даследавання для выкладчыкаў і студэнтаў Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. Так, у 1989 годзе была абаронена кандыдацкая дысертацыя Г.М. Дашкевіч “Праблема раманнай творчасці Івана Шамякіна”. Штогадова абараняюцца курсавыя, дыпломныя работы, прысвечаныя аналізу лепшых набыткаў майстра беларускай прозы.
Праз кожныя два гады, пачынаючы з 2009, кафедрай літаратуры УА “МДПУ імя І.П. Шамякіна” праводзяцца Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік – Асоба – Час”. Чарговая навукова-практычная канферэнцыя адбудзецца ў верасні 2013 года. Выкладчыкамі і студэнтамі збіраюцца і сістэматызуюцца матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці мастака слова, распрацоўваюцца планы-канспекты ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў па вывучэнні твораў І.П. Шамякіна, рыхтуюцца сцэнарыі і праводзяцца літаратурна-мастацкія імпрэзы.
Імя Івана Шамякіна, яго мастацкая творчасць, грамадская і педагагічная дзейнасць і сёння з’яўляюцца светапоглядным арыенцірам, узорам для сучаснай моладзі і грамадства.