Купалаўскія чытанні: педагог–настаўнік–вучань

Купалаўскія чытанні: педагог–настаўнік–вучань

25-02-122 лютага УА “Гімназія № 1 імя Я. Купалы” г. Мазыра ў чарговы раз запрасіла ўдзельнікаў і гасцей на Купалаўскія чытанні, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы.

У свяце прымалі ўдзел выкладчыкі і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта (Нуждзіна Т.С., дацэнт кафедры літаратуры; Шаўчэнка М.М., дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства; Юдзянкова Г.В., спецыяліст аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю), якія працавалі ў складзе журы разнастайных конкурсаў, праведзеных у рамках урачыстага мерапрыемства. Прадстаўнікі УА МДПУ імя І.П. Шамякіна адзначылі значнасць прафесіі настаўніка для сучаснага грамадства, а таксама пазнаёмілі вучняў выпускных класаў са спецыяльнасцямі, на якія будзе ажыццяўляцца набор у 2014 годзе.

Атмасфера сапраўднага свята, зычлівай гасціннасці і зладжанай дзелавітасці панавала ва ўсім. Гэта і шчырыя ўсмешкі гімназістаў, гаспадароў свята, іх сардэчныя запросіны ў актавую залу, і густоўна аформленая выстава твораў беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў, і ўрачыстае адкрыццё Купалаўскіх чытанняў.

Пранікнёна, кранальна гучалі словы вядучых пра беларускую мову і нацыянальны характар. Народна-песенны склад лірыкі вялікага Купалы выдатна раскрылі вершы паэта, якія, дзякуючы таленту І. Лучанка, У. Мулявіна, набылі сваё доўгае музычнае жыццё.

Купалаўскія чытанні прадугледжвалі работу наступных секцый і конкурсаў:

1. “Моўныя скарбы Беларусі” (вучэбна-даследчыя работы: мовазнаўства, літаратура);

2. “Мой творчы радок”  (вучнёўскія сачыненні, апавяданні, эсэ, вершы на тэму “Шчырасцю гасцінны беларус”);

3. “Святыня народа” (конкурс чытальнікаў вершаў ці празаічных урыўкаў з твораў беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў 2014 года);

4. Конкурс малюнкаў на тэму “Гасціннасць – рыса нацыянальнага характару беларусаў”

Правядзенне падобных літаратурных мерапрыемстваў заслугоўвае асобай увагі, паколькі садзейнічае фарміраванню грамадзянскай свядомасці і эстэтычных густаў вучняў агульнаадукацыйных школ, наладжванню творчых і навуковых сувязей паміж установамі адукацыі Палескага рэгіёна. Хацелася б выказаць словы ўдзячнасці арганізатарам Купалаўскіх чытанняў і ўсім, хто браў у іх непасрэдны ўдзел.

Спадзяемся, што творчае супрацоўніцтва паміж гімназіяй № 1 і УА “МДПУ імя І.П. Шамякіна” будзе плённа працягвацца.

25-02-2 25-02-3 25-02-4 25-02-7

 

Дополнительная информация