ПРЫВІТАННЕ Ў МАЗЫР ДА ЮБІЛЕЮ ІВАНА ШАМЯКІНА

ПРЫВІТАННЕ Ў МАЗЫР ДА ЮБІЛЕЮ ІВАНА ШАМЯКІНА

Таццяна Шамякіна,

доктар філалагічных навук,

прафесар кафедры тэарэтычнага
і славянскага літаратуразнаўства БДУ,

член Прэзідыума і член Праўлення
Саюза пісьменнікаў Беларусі,

акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі

культуры, навукі, адукацыі і мастацтва

 

         Добры дзень, шаноўныя сябры! Вітаю вас ад свайго імя і ад імя родных Івана Шамякіна!

         Адразу прашу прабачэння, што з-за розных аб’ектыўных абставін не магу наведаць ваш цудоўны горад, слаўны ўніверсітэт. Але я пастаянна сачу за ўсімі вашымі канферэнцыямі, навуковымі чытаннямі, зборнікамі, прысвечанымі майму бацьку. Павінна адзначыць, што навуковы ўзровень прац, якія прадстаўлены на вашых мерапрыемствах, нязменна высокі. Ваш універсітэт дзякуючы ім набывае статус усё больш аўтарытэтнага ў Беларусі навуковага цэнтра. Даследуюцца самыя розныя аспекты творчасці І. Шамякіна.

         А я хацела б звярнуць увагу і на іншыя бакі яго дзейнасці, якія закраналіся, але ўсё ж глыбока не вывучаны.

         У юбілейныя шамякінскія дні некаторыя выступоўцы, нават журналісты, натуральна, знаёміліся з біяграфіяй пісьменніка і звярнулі ўвагу на тое, што ў савецкія часы на працягу васьмі гадоў ён з’яўляўся старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. На гэтай падставе зроблена выснова, што Шамякін кіраваў дзяржавай, быў высокім чыноўнікам. Гэта памылка з-за няведання савецкіх рэалій. Высокі чыноўнік, важная асоба – Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета – пасада, аналагічная спікеру парламента, трэцяя ў дзяржаве. А Шамякін – проста старшыня. Гучыць як быццам статусна і прыгожа, а на самай справе ён з’яўляўся прадстаўніком ва ўладных структурах ад грамадзянскай супольнасці і да чыноўніцтва не меў адносін. У Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета не было часу сустракацца з простымі людзьмі і браць на сябе іх праблемы. Гэта быў абавязак Шамякіна. Ён уважліва выслухоўваў кожнага з наведвальнікаў, часта вельмі няшчасных людзей, і ўсім дапамагаў – ведаў, куды звярнуцца, да якіх чыноўнікаў і арганізацый. А яго вельмі паважалі ў рэспубліцы і таму заўсёды адгукаліся на просьбы. Акрамя таго, у яго распараджэнні быў некаторы грашовы фонд, з якога ён чэрпаў сродкі для дапамогі людзям, напрыклад, інвалідам.

         Вось такі быў у Шамякіна важны грамадскі абавязак. Людзей да яго ішло шмат, часам прыходзілі і да нас на кватэру. Ён браў на сябе няшчасці, патрэбы беларусаў, спачуваючы ім ад усяго сэрца – перажываў за кожнага. Такі чалавек.

         Былі ў яго і іншыя грамадскія абавязкі. Не раз як дэпутат ён наведваў рэгіён, які пацярпеў ад Чарнобыльскай АЭС. А тут на яго абрынулася проста мора чалавечай бяды.

         Доўгі час ён узначальваў камітэт абаронцаў міру. Таксама велізарная работа.

         Яшчэ адзін аспект дзейнасці Шамякіна – рэдактарскі. На працягу дзесяці гадоў (у 1980-я гг.) ён з’яўляўся галоўным рэдактарам Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі. За гэты перыяд пад кіраўніцтвам Івана Пятровіча выйшлі ўнікальныя выданні. Назаву толькі некаторыя: Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў 7 тт., Энцыклапедыя Прыроды Беларусі ў 5 тт. (і да сённяшняга часу аналагічнай няма ў свеце), Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва Беларусі ў 5 тт., энцыклапедыі “Ф. Скарына і яго час”, “Янка Купала”. “Этнаграфія Беларусі”, “Беларусь ў Вялікай Айчыннай вайне”, “Кніга Беларусі”, “Энциклопедия молодой семьи” і “Культура питания” выйшлі на рускай мове.

Выдадзены і факсімільныя выданні, знакавыя для нашай культуры: Біблія Ф. Скарыны ў 3-х тт., Статут Вялікага Княства Літоўскага, Слоўнік беларускай мовы І. Насовіча, які быў складзены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

Пры Шамякіне распачата серыя гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі “Памяць”. Выйшла больш за 50 тамоў.

Прычым Шамякін працаваў у намнога горшых умовах, чым яго папярэднік П. Броўка, бо ў жывых ужо не было Пятра Міронавіча Машэрава, чалавека шырокага кругагляду, які ўважліва ставіўся да самага галоўнага навуковага рэспубліканскага выдавецтва і заўсёды яму дапамагаў. Новыя кіраўнікі краіны фінансавалі намнога больш ашчадна.

Пачаўся ўжо і кніжны дэфіцыт. І тут Шамякін выявіў выдатныя якасці менеджара. Ён выдаваў папулярныя ў масавага чытача кнігі, якую-небудзь “Каралеву Марго”, каб зарабіць грошы на сур’ёзныя выданні. Хто яшчэ з пісьменнікаў займаўся такой велізарнай навуковай і арганізацыйнай працай?

У далейшым, пасля І. Шамякіна, выйшлі іншыя энцыклапедыі, у якіх па сутнасці асветлены ўсе сферы жыцця краіны, распрацаваны розныя галіны ведаў. Але неабходна мець на ўвазе, што шмат якія з энцыклапедый другасныя, аснова іх закладвалася пры Шамякіне і па яго ініцыятыве, і многае пасля запазычвалася. Безумоўна, улічваліся навейшыя навуковыя дасягненні. Скажам, Іван Пятровіч выдаў энцыклапедыю “Купала” ў адным томе, а апошнім часам выйшлі ўжо тры тамы. Натуральна, за гэты перыяд нашы веды пра класіка значна ўзбагаціліся.

Іван Шамякін – і выдатны педагог. Ён вучыўся ў Гомельскім педагагічным інстытуце (цяпер універсітэце), выкладаў нямецкую мову і гісторыю ў вясковай школе. Але галоўнае – ён выхоўваў сваіх чытачоў. І тое, што беларусаў паважаюць у свеце, лічаць ледзь не самымі рахманымі, міралюбівымі, працалюбівымі, можна аднесці да выхаваўчага ўздзеяння нашых пісьменнікаў, у тым ліку І. Шамякіна, які цудоўна ўмеў паказваць добрых людзей, іх прыгожыя пачуцці і ўчынкі, даючы выдатныя прыклады. Прытым, што бачыў і супярэчнасці ў грамадстве, выкрываў недахопы.

Нарэшце, ён выхаваў аматараў кнігі, філолагаў ва ўласнай сям’і: жонку, якая скончыла філфак, атрымаўшы дыплом з адзнакай, і заўсёды дапамагала Івану Пятровічу як сакратар – усе сябры яму ў гэтым плане зайздросцілі. Філолагі тры дачкі, дзве ўнучкі, адзін з зяцёў. Нашы бацькі здолелі стварыць у сям’і сяброўскую, любоўную, творчую асмасферу. Цэментавалі яны і ўвесь вялікі клан родзічаў. На вялікі жаль, былі і ў нашай сям’і і цяжкія страты…

З вышыні часу відаць, колькі было дасягнута Шамякіным.

Характэрны, скажам, такі факт: з усіх беларускіх пісьменнікаў яго кнігі ў найбольшай колькасці выдавалі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Фактычна там пераклалі ўсе раманы і аповесці Шамякіна. Усходнія людзі мудрыя – ён нездарма іх зацікавіў, нездарма яго там любілі. Відаць, ім імпанавала нешта такое, выяўленае ў Шамякіна, што аб’ядноўвала нашы краіны. Шамякін быў таксама шырока вядомы ў рэспубліках СССР і ў краінах Еўропы, яго творы перакладзены на дзясяткі моў.

Іван Пятровіч – прыклад пісьменніка, чалавечая асоба якога поўнасцю адпавядала таму, што ён прапаведаваў у сваіх творах (на жаль, гэта далёка не ва ўсіх аўтараў супадае). Вечны працаўнік, мудры дарадца, выключна добразычлівы да людзей, якім шмат дапамагаў. 26 гадоў ён з’яўляўся сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, і тыя з творцаў, хто помніць гэтыя гады, нязменна сведчаць пра залаты час арганізацыі, калі ёю кіраваў Шамякін…

Яшчэ раз мая самая шчырая падзяка кіраўнікам універсітэта, факультэта, кафедры за пастаянную ўвагу да жыцця і творчасці І. Шамякіна, а таксама вітанне ўсім удзельнікам мерапрыемстваў. Усім вам моцнага здароўя і творчых поспехаў! Добрага плёну ў вашай высакароднай працы выхавання нашай моладзі! І самым маладым – у добры шлях!

 

 

Дополнительная информация